"Чацвёрты этап беларускага жабрацтва, калі скончацца долары, — яшчэ далёка"

"Чацвёрты этап беларускага жабрацтва, калі скончацца долары, — яшчэ далёка"

Ёсць показка пра тое, што ў беларусаў тры ступені жабрацтва: 1. Усё дрэнна; 2. Усё вельмі дрэнна; 3. Пайду мяняць долары. І вось, трэцяя стадыя прыйшла: за 2016 год беларусы здалі на $2 млрд валюты больш, чым набылі. Паралельна на $700 млн у эквіваленце скараціліся валютныя ўклады ў банках.

Чым гэта пагражае беларускай эканоміцы? Ці "ляснецца" банкаўская сістэма? Як цяпер лепш захоўваць грошы? Калі ў людзей скончацца долары і прыйдзе чацвёртая стадыя беларускага жабрацтва? На пытанні Еўрарадыё адказвае старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.

"Чацвёрты этап беларускага жабрацтва, калі скончацца долары, — яшчэ далёка"

Дзе грошы?

* Частка валютных укладаў перацякла ў рублёвыя. Але збольшага грошы гэтыя беларусы папросту праелі. Сітуацыя зразумелая: рэальныя даходы людзей падаюць, і, каб хаця б неяк падтрымаць узровень жыцця, людзі здаюць валюту. Грошы ідуць на "падтрыманне штаноў", штодзённае спажыванне.

Пра праблемы банкаўскага сектара 

* У тым, што доля тэрміновых валютных укладаў скарачаецца, Нацбанк бачыць пазітыў. У нас жа дэдаларызацыя ідзе ў краіне. Для камерцыйных банкаў страта $700 млн валютных укладаў — гэта не праблема. Яны наўрад ці зараз адчуваюць дэфіцыт валютнай ліквіднасці. У іх праблема супрацьлеглая: практычна няма праектаў, якія можна было б пракрэдытаваць. Эфектыўных, з высокай ступенню гарантыі звароту. То бок, рэсурсы ёсць. Няма куды іх укласці.

Што будзе, калі сярэдні заробак вырасце да $500

* Хачу нагадаць, што станка, які друкаваў бы долары, у нашых уладаў няма. А $500 па сённяшнім курсе — гэта, груба кажучы, 1000 рублёў. Уявім, што ўлады ўключылі станок, надрукавалі грошай і "раздалі" ўсім у сярэднім па 1000 рублёў. Людзі з імі ідуць у крамы і нешта сабе набываюць, а рэшту, па старой нацыянальнай традыцыі, мяняюць на долары. Праз нейкі час, месяц ці два, высветліцца, што 1000 рублёў — гэта ўжо не $500, а менш. Тады ўжо давядзецца выдаваць па 1200, 1500, 2000 рублёў. Такім чынам мы рызыкуем чарговы раз трапіць у інфляцыйна-дэвальвацыйную спіраль.

Валютныя дэпазіты больш не маюць сэнсу

* Сэнсу набываць трэці тэлевізар ці чацвёртую лядоўню як не было ніколі, дык няма і цяпер. Паводзіны людзей мусяць залежаць ад сітуацыі. Калі вы губляеце даходы ці адчуваеце пагрозу іх страты ў будучыні, паспрабуйце абмежаваць свае выдаткі. Што да ашчаджэнняў, думаю, па-ранейшаму ёсць сэнс падзяліць іх. Частку пакласці на рублёвы дэпазіт — стаўкі па іх дагэтуль абганяюць інфляцыю і застаюцца прыбытковымі з улікам дэвальвацыі. А другую частку грошай мае сэнс трымаць у валюце. Прычым, улічваючы падзенне ставак, няма прынцыповай розніцы, будзе гэта валютны ўклад ці заначка пад падушкай.

Долараў хопіць яшчэ надоўга

* Чацвёрты этап беларускага жабрацтва, калі скончацца долары, — яшчэ далёка. Вы ж бачыце, у народа нават не хапіла фантазіі, каб прыдумаць такое. Аб'ём тэрміновых валютных укладаў у банках крыху меншы $7 млрд. Аб'ём валюты, якую людзі трымаюць на руках, ацаніць амаль немагчыма. Гэта можа быць сума такога ж парадку, а можа адрознівацца ў разы. Калі даходы насельніцтва не будуць расці, тэмпы траты валютных заначак будуць зніжацца. Людзі будуць імкнуцца зніжаць сваё спажыванне. Таму я б не сказаў, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў нам пагражае чацвёртая стадыя беларускага жабрацтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі