Чацвёра дзяцей загінулі на пажары ў Брэсцкай вобласці

На месцы здарэння

На месцы здарэння / mchs.gov.by

Чацвёра дзяцей загінулі напярэдадні падчас пажару ў вёсцы Ястрабель Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Гарэў жылы дом. Падчас ліквідацыі пажару ратавальнікі знайшлі целы чацвярых дзяцей ва ўзросце ад 2 месяцаў да 6 гадоў. Маці паспела вынесці з агню толькі адно дзіця — 4-гадовую дачку. Жанчына і дзяўчынка цяпер у бальніцы. Прычым дзіця моцна абгарэла, піша "Зеркало" са спасылкай на мясцовых жыхароў. Суразмоўцы рэсурсу распавялі, што жанчына была ў дэкрэтным адпачынку, яе муж у той дзень быў на працы ў Салігорску.

"Кажуць, што ў доме быў выбух газу, а потым здарыўся пажар. Маці спрабавала выцягнуць дзяцей, але агонь так хутка распаўсюдзіўся, што яна не паспела гэтага зрабіць. Толькі адну і выратавала. Яна вельмі моцна абгарэла і цяпер у шпіталі", — распавядаюць мясцовыя жыхары. Па іх словах, на месца трагедыі мужа прывезлі з Салігорска калегі — яму не далі сесці за руль.

У МНС адзначаюць, што шматдзетная сям'я характарызуецца станоўча. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу аб парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. У рамках гэтай справы павінны быць устаноўлены прычыны і ўмовы, якія прывялі да трагедыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі