Бюджэт-2016 могуць не паспець прыняць да канца года?

Бюджэт-2016 могуць не паспець прыняць да канца года?

Тры тыдні таму дэпутаты Палаты прадстаўнікоў збіраюцца для “пераднулявога” абмеркавання праекта бюджэту на 2016 год. Нават журналістам дазваляюць прысутнічаць. З таго часу ніякай інфармацыі пра лёс праекта. Да канца года застаецца тры тыдні і два пасяджэнні парламента — 10 і 18 снежня.

“З таго лістападаўскага пасяджэння праект бюджэту хоць раз яшчэ абмяркоўваўся?” — цікаўлюся ў сябра Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Валерыя Барадзені. Аказваецца, у парламенце ўжо было абмеркаванне “нулявое”, пра якое нікому не паведамілі. 

Валерый Барадзеня: “Было, але ўжо ў закрытай для прэсы форме — тыдні два таму. Былі Кабякоў (прэм’ер-міністра — Еўрарадыё), Амарын (міністр фінансаў — Еўрарадыё)… Карацей, шмат чыноўнікаў. Даклалі, пытанні задалі, абмеркавалі, пасварыліся і разышліся”.

Да якіх высноў прыйшлі ў выніку гэтага абмеркавання і нават “сваркі”, дэпутат не ўдакладняе. Вядома, што цяпер дэпутаты чакаюць, калі праект бюджэту будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў прэзідэнтам.

“Калі будзе ўнесены праект бюджэту прэзідэнтам у Палату прадстаўнікоў, тады і пачнуцца ўсе афіцыйныя абмеркаванні. Мы пакуль не ведаем, які варыянт бюджэту выйшаў ад прэзідэнта пасля ўчорашняга яго абмеркавання. Бо могуць яшчэ нешта там змяніць — не глабальна, але нейкія праўкі могуць яшчэ ўнесці”.

Дзеля цікавасці гляджу, калі прымалі праект бюджэту ў папярэднія гады. Бюджэт-2011 прынялі аж 3 верасня (!) 2010 года. Бюджэт-2012 прымалі ў крызісны час, і, відаць, таму выйшла затрымка: дэпутаты ўхвалілі бюджэт 16 снежня 2011 года. Бюджэт-2013 прыняты 8 кастрычніка 2012 года, бюджэт-2014 — 16 снежня, бюджэт-2015 — 17 снежня.

Добра, але калі глядзець на графік працы дэпутатаў, то бачна, што да канца 2015 года запланаваныя толькі два пасяджэнні — 10 і 18 снежня. 10 снежня паспець немагчыма, а патрэбныя два чытанні! Нечакана суразмоўца Еўрарадыё гаворыць, што не бачыць нічога страшнага, калі бюджэт будзе прымацца ў наступным годзе.

Валерый Барадзеня: “Не будзе катастрофы, нават калі мы яго не прымем. У прынцыпе, можа, нават некаму будзе лепш. Бо ў нас жа ёсць механізмы: калі мы не прымаем бюджэт, то ў памеры 1/12 мінулага года штомесяц ідзе фінансаванне — па мінулым годзе, без зніжэння ўзроўню яго. Але я думаю, што мы ўсё ж такі прымем у гэтым годзе. Ну, так — крыху пазней сёлета. Вельмі нестабільны знешні асяродак, і, напэўна, шукаюць-шукаюць больш надзейныя варыянты. Прынамсі, каб ужо студзені не давялося ўдакладняць лічбы бюджэту”.

Апроч бюджэту ёсць у дэпутатаў і яшчэ адна незавершаная справа — не ўхвалены новы склад ураду. Праўда, і тут справа ў кіраўніку краіны — ад яго спіс міністраў новага ўраду ў парламент пакуль не прыходзіў. 

“Ухваліць склад мы павінныя, і я думаю, што, можа, нават будзе дадатковая сесія”. 

Ну а калі Аляксандр Лукашэнка рашэнне не прыме да Новага года, то гэтае пытанне таксама будзе вырашацца ў годзе наступным, супакойвае дэпутат.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі