Бязвізавы рэжым для Аўгустоўскага канала. Ці можна будзе прыехаць у Гродна?

Бязвізавы рэжым для Аўгустоўскага канала. Ці можна будзе прыехаць у Гродна?

Замежным грамадзянам дазволілі ездзіць на Аўгустоўскі канал без віз — такі ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дакумент дазваляе ўсім замежным турыстам 5 сутак знаходзіцца ў парку "Аўгустоўскі канал" і яго ваколіцах.

Такое права атрымаюць усе замежныя грамадзяне, якія прыедуць да нас праз пункты пропуску "Лясная", "Брузгі" (мяжа з Польшчай) і "Прывалка" (з Літвой). Новы дакумент будзе дзейнічаць да 31 снежня 2017 года. Аднак у ім прапісаная "магчымасць працягу на няпэўны тэрмін".

Што гэта можа азначаць на практыцы? Аўгустоўскі канал зусім недалёка ад Гродна, а калі ехаць туды праз Брузгі, то самы зручны шлях пралягае акурат праз абласны цэнтр. Замежнікі змогуць наведваць Гродна без беларускай візы? У Памежным камітэце Еўрарадыё тлумачаць, што гэта імаверна, аднак працэдура пакуль да канца не вызначаная.

"Яшчэ ёсць час для прапрацоўкі шэрагу момантаў, звязаных менавіта з пропускам. Дзе і як вырашаць пытанні. Пакуль рана гаварыць, ці можна будзе без візы заязджаць у Гродна. Гэтыя пытанні прапрацоўваюцца і будуць даведзеныя да працоўнага моманту", — гавораць у прэс-службе Памежнага камітэта.

А вось начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык у размове з выданнем "Турызм і адпачынак" паведаміў, што Гродна можа стаць першым безвізавым горадам Беларусі: "У так званую бязвізавую зону трапляе не толькі сам Аўгустоўскі канал, але і амаль увесь Гродзенскі раён і, вядома, старадаўні горад Гродна. Гэта накладвае на нас усіх пэўную адказнасць. Перш за ўсё, гродзенцы павінны паказаць, што яны сардэчныя гаспадары".

Бязвізавы рэжым для Аўгустоўскага канала. Ці можна будзе прыехаць у Гродна?

У Белавежскую пушчу замежнікі могуць прыехаць без візы

Прыехаць у Беларусь без візы можна будзе толькі праз адзін пункт пропуску — Перароў-Белавежа. Ён знаходзіцца ў самой пушчы, перасякаць мяжу тут можна толькі на ровары альбо пешшу. Адлегласць да Пружан — 45 кіламетраў, да Камянца — 40, да Бельска-Падляскага — 48. На аўтамабілі не пусцяць — яго прыйдзецца пакінуць у Польшчы.

Улічваючы, што адзіная дарога з Брузгоў да Аўгустоўскага канала ідзе праз Гродна, было б лагічным дазволіць замежнікам спыніцца на некаторы час у самым прывабным з турыстычнага пункту гледжання беларускім горадзе. Тым больш што пяці заяўленых ва ўказе кіраўніка краіны дзён дакладна хопіць і на Аўгустоўскі канал, і на Гродна.

Бязвізавы уезд на Аўгустоўскі канал — не першая такая ініцыятыва беларускіх уладаў. Упершыню на такі крок яны пайшлі падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Тады без візы ў Беларусь можна было прыехаць проста маючы квіток на хакейны матч. 9 сакавіка 2015 года кіраўнік краіны падпісаў указ аб бязвізавым уездзе ў Белавежскую пушчу — дакумент пачаў дзейнічаць 12 чэрвеня таго ж года. Па словах памежнікаў, гэта не прынесла ім ніякіх праблем. Ніхто з "бязвізавых" турыстаў не спрабаваў пранікнуць далей, чым было дазволена.

"Негатыўных альбо адмоўных момантаў з гэтым пытаннем мы ў Белавежскай пушчы не мелі. Як правіла, туды ездзяць арганізаваныя турыстычныя групы. І ніякіх праблем падчас працы з такімі турыстамі мы не сустракалі", — кажуць у Памежным камітэце.

У Нацыянальным парку "Белавежская пушча" Еўрарадыё не змаглі паведаміць, колькі замежных турыстаў прыехала да іх за апошні год без беларускай візы. Аднак запэўнілі, што "яны ёсць".

Дзеянне указа аб бязвізавым "Аўгустоўскім канале" пачнецца праз два месяцы. Па інфармацыі Еўрарадыё, беларускія ўлады ўжо працуюць над новымі дакументамі, якія значна спросцяць візіт у Беларусь замежным турыстам. Наколькі рэвалюцыйнымі яны акажуцца, мы зможам пабачыць ужо ў наступным годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі