"Бязвіз" для замежнікаў у Беларусі павялічылі да 30 дзён

"Бязвіз" для замежнікаў у Беларусі павялічылі да 30 дзён

"Бязвіз" для замежнікаў у Беларусі павялічылі да 30 дзён! Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Дагэтуль з лютага 2017-га дзейнічаў 5-дзённы "бязвіз" для грамадзян 80 краін. Уезд без візы магчымы быў толькі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Гэтая ўмова захоўваецца.

Адзначаецца, што ў дакуменце быў актуалізаваны пералік дзяржаваў, грамадзяне якіх маюць права на бязвізавы ўезд у нашу краіну. З яго выключылі краіны, з якімі Беларусь ужо мае двухбаковыя дамовы аб узаемнай адмене візаў. Як вядома, такое пагадненне з Кітаем пачне дзейнічаць з 10 жніўня.

Бязвізавы рэжым не распаўсюджваецца на асобаў, якія прылятаюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, альбо прыязджаюць для працаўладкавання, у справах бізнесу ці навучання, працягласць якога перавышае 30 дзён. Больш падрабязна гл. тут.

Мяркуецца, што ўказ Лукашэнкі паспрыяе развіццю беларускай турыстычнай галіны. У 2017 годзе нашу краіну наведалі 282 тысячы замежных турыстаў (гэта на 65 тысяч больш, чым у 2016-м). У сярэднім замежнікі знаходзіліся ў Беларусі 4 дні, беларусы знаходзіліся ў замежжы ў сярэднім 8 дзён.

Цікава, што дагэтуль не было гаворкі пра павелічэнне "бязвізу" з 5 да 30 дзён. У чэрвені міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук анансаваў павелічэнне "бязвізу" да 15-20 дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі