Бураўкін: “Быкаў сказаў мне, што вяртаецца назаўсёды…”

Сем гадоў таму, 25 чэрвеня 2003 года, Беларусь развітвалася з Васілём Быкавым (фота) Развітанне гэтае стала сапраўды ўсенародным: хоць пра яго не казалі па радыё і тэлебачанні, аднак пакланіцца Быкаву прыйшло больш за 50 тысяч чалавек. Галоўным праспектам краіны народнага пісьменніка праводзілі ў апошні шлях да Усходніх могілак. Перакрыць праспект, спыніць працэсію не спрабавала нават міліцыя. Пасля, праўда, па тэлевізары скажуць, што “апазіцыя да вечара цягала труну з целам Быкава па вуліцах Мінска і пахавала яго супраць хрысціянскіх звычаяў пасля захаду сонца”. Усе відавочцы тых падзеяў ведаюць, што гэта не так. Але прайшло 7 гадоў: удзельнікі маглі нешта забыцца, вырасла пакаленне, якое не магло быць на тым пахаванні з прычыны малога веку. Еўрарадыё вырашыла згадаць падзеі таго жалобнага дня — мы папрасілі распавесці пра іх непасрэдных удзельнікаў, сябраў Васіля Быкава паэтаў Генадзя Бураўкіна і Уладзіміра Някляева.

Генадзь Бураўкін аспрэчвае думку, што тады, у 2003 годзе ўлады спецыяльна не выпусцілі хворага Быкава назад у Прагу, каб ён памёр на Радзіме. Бураўкін перакананы, што памерці дома было свядомым жаданнем і выбарам вялікага пісьменніка.

Генадзь Бураўкін: “Васіль дастаткова добра ведаў, што хвароба гэтая цяжкая, можа нават невылечная. І ў яго было свядомае імкненне дадому. Вось гэтая “Доўгая дарога дадому”, як ён назваў сваю апошнюю кніжку, ён хацеў, каб яна скончылася дома. І ў першую сустрэчу нашую, калі Васіль прыляцеў з Прагі, я спытаў у яго: “Васіль, ты надоўга сюды?” Ён паглядзеў на мяне і ціха адказаў “Назаўсёды”.

Бураўкін кажа, што ўражанне ад колькасці людзей, што прыйшлі развітацца з Быкавым, жыве ў ім і цяпер.

Генадзь Бураўкін: “Гэта было ўсенароднае развітанне з Быкавым. Дзяржава гэтага не хацела – я маю на ўвазе чыноўнікаў, якія нашую дзяржаву тады прадстаўлялі. Але калі яны ўбачылі, колькі прыйшло людзей, што гэта было сапраўды ўсенароднае гора і ўсенароднае развітанне, то яны ў нечым нават разгубіліся. Бясспрэчна, для мяне на ўсё жыццё запомнілася гэтая рака развітання з Васілём, якая цякла па праспекце Незалежнасці. І ні міліцыя, ніхто не маглі яе спыніць — і чыноўнікі не змаглі перашкодзіць сапраўднаму, шчыраму ўсенароднаму развітанню з Васілём”.

Паэт Уладзімір Някляеў знаходзіўся ў Хельсінкі, калі прыйшла вестка, што Быкаў памірае. Някляеў асабліва зблізіўся з Быкавым апошнія гады жыцця пісьменніка, калі абодва жылі ў выгнанні.

Уладзімір Някляеў: “Прафесар Мураўёў патэлефанаваў мне ў Хельсінкі і сказаў, што калі ты хочаш сустрэцца з Быкавым, то не зацягвай — яму засталося некалькі дзён. І я ведаў, што ён памрэ, і Быкаў ведаў, што ён памрэ. І вось калі два чалавекі ведаюць, што яны бачацца, можа быць, у гэтым жыцці апошні раз, тады ўзнікае такая рэч: пра што ж гаварыць? Асабліва ў момант сустрэчы — а яшчэ больш складана ў момант расстання. Як, стоячы на парозе, азіраючыся, выходзячы з той палаты – вось што сказаць? І выходзіць, на жаль, што апроч банальнасці нічога нельга прыдумаць, што “Васіль Уладзіміравіч, мы з вамі яшчэ спаткаемся…” Вось тады, дарэчы, узнікла гэтая фраза пра камень, калі я сказаў, што мы яшчэ з вамі вып’ем на вашым любімым валуне ў Хельсінках. А ён адказаў: “Валодзя, ніколі мы ўжо з табой не спаткаемся і не вып’ем. А вось калі б той валун да мяне прыкаціўся…” І гэта, па сутнасці, была яго пасмяротная воля. І мы прывезлі той валун яму на магілу”.

У дзень пахавання Някляеў прыйшоў у Дом літаратара з самай раніцы. І яго вельмі ўразіла адна рэч.

Уладзімір Някляеў: “Я прыйшоў раніцай, калі яшчэ труна з целам Васіля Уладзіміравіча ставілася на сцэне Дома літаратара. Я думаў, канешне, я  чакаў, што людзей будзе шмат. Але іх было больш, чым я чакаў — ужо ў той час, з самага ранку! І што іх збярэцца 50 тысяч – нават мне не думалася...”

У часе пахавання ўзнік непрыемны інцыдэнт: прадстаўнікі ўлады запатрабавалі зняць з труны Быкава бел-чырвона-белы сцяг і павесілі на сцэне дзяржаўны, чырвона-зялёны. Кіраваў працэсам генерал Мікалай Чаргінец. Згадвае Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў: “На труну быў пакладзены бел-чырвона-белы сцяг, пасля яго знялі, пасля падышлі да сына Быкава — і той сказаў: “Бацька не хацеў бы бачыць ваш дзяржаўны сцяг, а хацеў бы гэты, бел-чырвона-белы”. Пачалося тузанне. Адказваў за ўсё гэта сённяшні старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Ён даклаў. І менавіта да яго – а я стаяў побач, непадалёк — прыйшла каманда службовым асобам пакінуць Дом літаратара: улада не прымае ўдзел у пахаванні Быкава”.

Асабліва запомнілася спадару Някляеву тузаніна з вянком ад Аляксандру Лукашэнкі.

Уладзімір Някляеў: “Вельмі смешна было, калі салдацікі прыбеглі забіраць вянок ад Лукашэнкі. Ён жа прыслаў. А пасля, калі прыйшла гэтая каманда – трэба ж было забіраць. Я не адразу зразумеў, што адбываецца! Яны яго цягнуць, гэты вянок, а там нейкія хлопцы ўпіраюцца – відаць, хацелі з ім нейкі перфоманс зрабіць. Выкінуць яго, ці што? А тыя зразумелі, што можа быць нейкі “здзек” над святыняю прэзідэнцкай. І там такая тузаніна ішла на гэтай сцэне за гэты вянок!..”

Уладзімір Някляеў і Генадзь Бураўкін каля труны Васіля Быкава


Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Адная з апошніх сустрэч з сябрам.


25 чэрвеня 2003 года, ганак Дома літаратара


Чарга пачыналася каля Дома літаратара...


...цягнулася ўздоўж праспекта...


...і сканачалася ажно каля Лінгвістычнага ўніверсітэта


Працэсія на праспекце




Пахаванне стала сапраўды ўсенародным






Перад Усходнімі могілкамі


Магіла Быкава праз месяц пасля пахавання.


Генадзь Бураўкін і Васіль Быкаў


Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі