Будаўніцтва свінакомплексаў каля Маладзечна пад пытаннем

Скандал з будаўніцтвам у Маладзечанскім раёне двух свінакомплексаў на сто тысяч галоваў кожны разгараецца пасярод восені 2014 года. Такі аб’ект — не самы прыемны падарунак жыхарам горада. На пачатку снежня ў Маладзечне праходзяць грамадскія слуханні. Людзі супраць будаўніцтва. Але раённыя ўлады адназначна “за”.

“Будаваць усё адно будзем, пачнём у студзені 2015 года”, — такі пасыл уладаў жыхарам Маладзечна і раёна.

Але новы год прыйшоў, а будаваць свінакомплексы так і не пачалі. Жыхар Маладзечна Эдуард Баланчук, які актыўна выступае супраць, расказвае, што тэрміны будаўніцтва перанесеныя на невядомы час:

“Перанеслі гэтыя тэрміны. І цяпер, як вядома, ідзе суд. Арганізацыя “Экадом” падала ў суд на “Вялес-Міт”. Заўтра будзе другі дзень пасяджэння. А сёння ў нас у Маладзечне Шапіра (кіраўнік Міаблвыканкама, — Еўрарадыё) знаходзіцца. У яго нарада ў райвыканкаме”.

Пра тое, што канчатковае рашэнне аб будаўніцтве свінакомплексаў пад Маладзечнам яшчэ не прынятае, гаворыцца і ў лісце з Мінаблвыканкама, які атрымалі жыхары вёскі Лохаўшчына, непадалёк ад якой збіраюцца будаваць другі комплекс.

Што стала прычынай тармажэння будаўніцтва? Па чутках, планы былі зацверджаныя без ведама абласнога начальства. І калі шум, узняты жыхарамі горада і раёна, дайшоў да кіраўніка вобласці Сямёна Шапіры, ён таксама абурыўся. А шум выйшаў не слабы. Эдуард Баланчук расказвае, што ў статысячным Маладзечне толькі паводле папярэдніх падлікаў сабралі ўжо 8 тысяч подпісаў, насамрэч, іх значна больш.

“Грамадскасць патрабуе, каб заказчыкі будаўніцтва прадставілі ўсю дакументацыю па двух свінакомплексах. Для незалежнай экспертызы. “Вялес-Міт” не робіць гэтага ні па адным, ні па другім свінакомплексе. Паводле апошніх звестак, у Маладзечне супраць будаўніцтва сабралі восем тысяч подпісаў”.

Суд паміж эколагамі і заказчыкам будаўніцтва фірмай “Вялес-Міт” працягнецца 22 студзеня. Праціўнікі будаўніцтва глядзяць на яго з асцярожным аптымізмам. Мясцовыя маладзечанскія ўлады і прадстаўнікі кампаніі-заказчыка сітуацыю з замарожваннем будаўніцтва свінакомплексаў не каментуюць.

На думку эколагаў, гіганцкія свінакомплексы акажуць катастрафічны ўплыў на экасістэму рэгіёна. Вада і глеба будуць забруджаныя прадуктамі жыццядзейнасці свіней на дзясяткі гадоў наперад. Пазбавіцца ад гэтага праблематычна нават пры выкарыстанні самых сучасных сістэм ачысткі. Праблему можа часткова вырашыць будаўніцтва свінакомплексаў значна меншых памераў. Падрабязней чытайце тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі