БТ не можа дамовіцца з венграмі на паказ гульні “Дэбрэцэн” — БАТЭ

“Мы робім унікальны падарунак беларускаму гледачу. Дзе вы ўбачыце Алімпійскія гульні, Лігу чэмпіёнаў, чэмпіянат свету па футболе або КХЛ на бясплатным канале ў тым аб'ёме, у якім паказвае Белтэлерадыёкампанія? Не ведаю, якая краіна можа пахваліцца такім. Спорт — дарагое задавальненне”, — расказвае ў інтэрв’ю сайту goals.by дырэктар спартыўнага тэлеканала “Беларусь 5” Павел Булацкі.

Канал ствараюць восенню 2013, справу падганяе асабіста кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Але, як выявілася, нават існаванне ў адносна невялікай Беларусі адмысловага спартыўнага тэлеканала не гарантуе нам трансляцый матчаў сваіх каманд. Прынамсі, замест гульні важнага трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж венгерскім “Дэбрэцэнам” і барысаўскім БАТЭ “Беларусь 5” плануе паказаць фінальны матч тэніснага турніру ва Уімблдоне. Прычым у запісе, бо турнір… даўно скончыўся.

Няма гульні паміж барысаўчанамі і венграмі і ў праграмах іншых каналаў. Напрыклад, схільны да спартыўных трансляцый “Беларусь 2” вечарам аўторка плануе паказваць расійскі серыял “Саша Таня”. Чаму так, Еўрарадыё не могуць расказаць нават супрацоўнікі каналаў. Гульні БАТЭ ў “Лізе чэмпіёнаў” — гэта самыя рэйтынгавыя трансляцыі беларускага тэлебачання апошніх гадоў. Як і іншыя спартовыя відовішчы.

Праўда, без футбола ўсё ж не застанемся. У чацвер беларускае тэлебачанне плануе паказаць гульню "Дынама" - "Клуж" кваліфікацыі Лігі Еўропы.

У прэс-службе “Белтэлерадыёкампаніі” Еўрарадыё тлумачаць, што перамовы з венгерскім бокам наконт трансляцыі ідуць. І нават надзея на тое, што беларусы ўсё ж пабачаць гульню, яшчэ ёсць.

“Яшчэ ідуць перамовы — нічога не вядома пакуль. Вы калі захочаце ўдакладніць, то звяртайцеся пазней, я не ведаю… Магчыма, заўтра”.

Матч у Дэбрэцэне тым часам — ці не самы важны для Беларусі ў сёлетніх еўракубках. Калі барысаўчане змогуць выйграць у Венгрыі, то 5 жніўня ўтрымаць перавагу па суме дзвюх сустрэч у родным Барысаве будзе нашмат прасцей. І тады можна рыхтавацца да раунла плэй-оф. Але шанцаў пабачыць гульню “Дэбрэцэн” — БАТЭ хаця б на тэлеэкране, паводле інфармацыі Еўрарадыё, у беларусаў зусім няшмат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі