Брэстаўчане выйшлі на сход супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Брэстаўчане выйшлі на сход супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Сход мясцовых жыхароў з удзелам прадстаўнікоў улады адбыўся каля будаўнічай пляцоўкі пад Брэстам, дзе ўзводзіцца завод па вытворчасці акумулятараў. Удзельнічалі ў ім і прадстаўнікі завода. 

Мясцовыя жыхары сабралі супраць будоўлі каля пяці тысяч подпісаў, перадае Радыё "Свабода". Яны абураюцца, што ўлады не спыталі іх меркаванне перад тым, як пачынаць будоўлю шкоднай вытворчасці.

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2. Афіцыйная экалагічная экспертыза прагназуе, што ўздзеяньне завода на асяроддзе і чалавека будзе нязначным. Аднак людзі баяцца, што выкіды з завода кепска адаб'юцца на іх здароўі.

На сходзе, які адбыўся 5 студзеня, яны абураліся, бо да самага пачатку будаўніцтва не ведалі, што тут будзе менавіта завод акумулятараў. Па словах удзельнікаў, публікацыі ў раённай газеце з невялікім накладам з запрашэннем на грамадскія слуханні яны не бачылі.

Прысутны на сходзе намеснік старшыні Брэсцкага райвыканкаму Мікалай Каршанкоў заявіў, што закон не прадугледжвае грамадскага абмеркавання як сустрэчы з людзьмі ці сходаў грамадзян. "Прадугледжана размяшчэнне інфармацыі аб правядзенні грамадскага абмеркавання ў адкрытых крыніцах інфармацыі. У дадзеным выпадку ў нас ёсць свой раённы друкаваны орган, а таксама сайт райвыканкаму, дзе і была размешчаная інфармацыя аб правядзенні грамадскага абмеркавання", — патлумачыў чыноўнік.

Ён заявіў, што месца будаўніцтва выбранае з улікам эканамічнай мэтазгоднасці. Прадстаўнік СЭЗ дадаў, што дзякуючы заводу з'явяцца 188 працоўных месцаў.

Заказчыкам завода выступае кампанія "АйПаўэр" прадпрымальніка Віктара Лемяшэўскага. Падрадчык — кітайская карпарацыя. Агульны кошт праекту — каля 20 мільёнаў долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі