Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі

Алімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра пройдзе з 5 па 21 жніўня.

Кіраўнік краіны сказаў, што сёлета ніякіх планаў на медалі няма. Але на перамогі мы абавязкова разлічваем! Еўрарадыё публікуе свой спіс спартсменаў, выступленняў якіх многія чакаюць з трапятаннем у сэрцы.

 

Кідальнікі молата і дзіды

Іван Ціхан

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі
Фота diamondleague.com

Жнівеньскі чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы вярнуў у пул топавых беларускіх атлетаў Івана Ціхана. Атлет заваяваў срэбра з вынікам 78,84 метра. Такім чынам Ціхан вярнуўся ў вялікі спорт, у якім з-за допінгавых скандалаў не быў амаль 8 год. Ці справядліва на Івана раней накладалі дыскваліфікацыі — вялікае пытанне. 

У 2012 годзе яму праз міжнародны спартыўны арбітраж удалося вярнуць бронзу Гульняў-2008 у Пекіне. На Алімпіядзе-2012 Ціхана выдалілі перад самым стартам. Таксама з-за прэтэнзій па допінгу шматгадовай даўніны. Але атлет не здаўся і вярнуўся праз 4 гады.

Ціхану падчас Гульняў-2016 будзе 40. Ён знаходзіцца пад пастаянным назіраннем антыдопінгавых службаў. Але, як бачна, усё адно кідае молат далёка. Кідку ў раён 78 метраў для п’едэстала можа быць мала. Але ў свае найлепшыя гады Іван накіроўваў молат за 86 метраў. Выглядае на тое, што калі атлет пераадолее ўласнае хваляванне, ад яго ў Рыа можна чакаць абсалютна любых метраў. Гэта дадае інтрыгі.

 

Таццяна Халадовіч, кіданне дзіды

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі

На нядаўнім чэмпіянаце Еўропы 25-гадовая атлетка стала першай (66, 34 метры), абставіўшы ўсіх без выключэння лідараў сусветнага кідання дзіды.

Таму Халадовіч —яскравая прэтэндэнтка на алімпійскі п’едэстал. Хоць Гульні ў Рыа — першыя ў яе жыцці.

 

Бягухі

Аліна Талай, спрынт з бар’ерамі

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі

Яна самая стабільная беларуская лёгкаатлетка ў апошнія гады.

На чэмпіянаце свету-2015 была бронза, на нядаўняй Еўропе — срэбра (12,63 секунды). Пры гэтым бягуха заявіла, што можа лепш, бо зрабіла памылку на апошнім бар’еры.

У фінале папярэдняй Алімпіяды аўстралійка Салі Пірсан перамагла з вынікам 12,35. Сама Аліна Талай прадказвае, што для ўзыходжання на п’едэстал трэба ўціснуцца ў 12,5 секунд.

“Пабачым, што будзе ў Рыа”, — проста выказваецца Аліна пра свае чаканні ад Алімпіяды.

 

Марына Арзамасава, бег на 800 метраў

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі
Фота Reuters

Наша дзейная чэмпіёнка свету не свяцілася ў гэтым сезоне на буйных стартах, а вяла мэтанакіраваную падрыхтоўку да Алімпіяды. Не асабліва свяцілася Арзамасава і ў 2015-м, пакуль не перамагла на чэмпіянаце свету.

Ці атрымаецца ў Марыны  пераадолець хваляванне і абраць паспяховую тактыку падчас забегаў — даведаемся падчас Алімпіяды.

У лёгкаатлетычнай зборнай хапае і так званых цёмных лашадак, якія могуць стрэліць. Гэта і Аліпійская чэмпіёнка 2000 года Яніна Правалінская-Карольчык, бягухі на доўгія дыстанцыі Святлана Кудзеліч ды Вольга Мазуронак, скакуха Настасся Мірончык-Іванова ды іншыя.

 

Цяжкаатлеты

 

Вадзім Стральцоў

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі
Фота Reuters

Наш адзіны залаты медаліст чэмпіяната свету-2015, дзякуй богу, ляціць у Рыа.

“Што тычыцца здароўя, то Вадзім здаровы, як конь!” — заяўляе трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы Віктар Шаршукоў.

Да чэмпіяната свету 2015 года Вадзім Стральцоў у апошні раз браў медаль на топ-турнірах аж у 2007 годзе! Атлету перашкаджалі пастаянны траўмы, але ён выстаяў.

“Стральцоў, канешне, чэмпіён свету, але гэта Алімпіяда”, — Шаршукоў просіць не спяшацца са спадзевамі і прагнозамі. 

Трэнер канстатуе, што і іншыя цяжкаатлеты добра падрыхтаваныя да Алімпіяды  і могуць стрэліць. Гэта маладыя і перспектыўныя атлеты:  Станіслава Чадовіч (62 кг), Пётр Асаёнак (85 кг), Павел Хадасевіч (85 кг), Аляксандр Бярсанаў (105 кг).

Несумненна, варта чакаць добрых сюрпрызаў і ад нашых цяжкаатлетак.

 

Мастацкая гімнастыка

 

Меліціна Станюта 

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі

На чэмпіянаце свету-2015 Меліціна стала трэцяй у індывідуальным шматбор'і і ў практыкаваннях з мячом. І гэта не выпадковы вынік. Станюта цягам сезону пастаянна ўзыходзіла на п'едэсталы падчас сусветных Гран-пры.

Мастацкая гімнастыка — вельмі суб'ектыўны від спорту і, на жаль, ад суддзяў нам не варта чакаць асаблівых сентыментаў. Звычайна яны перападаюць расіянкам Мамун і Кудраўцавай. Але і яны не жалезныя. З нервамі ў Меліціны Станюты звычайна ўсё ў парадку. Важна, каб напярэдадні Гульняў не праявілі сябе старыя траўмы.

 

Плаванне

 

Аляксандра Герасіменя

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі
Фота са старонкі Аляксандры Герасімені ў сацсетках

Двухразовая прызёрка Алімпіяды і чэмпіёнка свету застаецца лакаматывам зборнай Беларусі на Гульнях-2016. Хоць на леташнім чэмпіянаце свету яна і блізка не падплывала да п’едэстала. Прамежкавыя вынікі ў гэтым сезоне пакуль не зараджаюць заўзятараў аптымізмам.

Напрыклад, на Кубку Беларусі ў Брэсце Герасіменя на кароннай дыстанцыі 100 метраў вольным стылем паказала 54,15 секунды. Гэтыя лічбы не ўваходзяць у дзясятку найлепшых вынікаў сезону.

Аднак рана рабіць высновы. У першую чаргу Герасіменя славіцца прагматычнасцю і розумам. Яна моцна змяніла сістэму падрыхтоўкі, пабыла на зборах у ЗША. І, відаць, плануе выйсці на пік формы акурат у Рыа. Калі “Залатая Рыбка” зможа скасціць са свайгу выніку хаця б 2 секунды, гэта ўжо будзе заяўка на п’едэстал.

 

Веласпорт

 

Васіль Кірэенка

Бітва за алімпійскі п’едэстал: хто з беларусаў відавочна прэтэндуе на медалі

Наш 35-гадовы раварыст-шашэйнік — адзін з найлепшых спарстменаў краіны мінулага года. Ён перамог на чэмпіянаце свету-2015 у раздзельным старце. Каб зразумець, што гэта за дысцыпліна, можна прывесці аналогіі з біятлонам, дзе ў большасці гонак спартсмены стартуюць па адным, а не ўсім кагалам.

У веласпорце майстры раздзельнага старту не спадзяюцца на хітрую тактыку, калі лідараў пэўны час ад ветру прыкрываюць іншыя камрады па камандзе. Тут важна разлічваць толькі на саміх сябе. У гэтай дысцыпліне Кірэенка і з’яўляецца сёння сусветным топам.

Цягам сезона-2016 Васіль трэніруецца ў Іспаніі, выступае на так званых пробных стартах і плануе выйсці на пік формы акурат падчас Гульняў у Рыа.

 

P.S. У прыведзены спіс Еўрарадыё ўключыла толькі відавочных прэтэндэнтаў на медалі. Пры гэтым пакуль не зразумела, у якім складзе на Гульні паедзе зборная па веславанні, бадай, наша самая сур’ёзная і стабільная алімпійская надзея. Пра гэта, калі з’явіцца яснасць, падрыхтуем асобны матэрыял.

Куды большыя сюрпрызы могуць прынесці так званыя цёмныя лашадкі, якія ёсць у шэрагах беларускіх алімпійцаў. Пра іх таксама выйдзе асобны допіс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі