“Белая Русь” і БРСМ: Георгіеўскія стужкі выкарыстоўваць не будзем

“Інфармуем вас, што падчас правядзення мерапрыемстваў і акцый, прымеркаваных да 9 траўня варта выкарыстоўваць толькі чырвона-зялёныя стужкі!!! Ніякіх георгіеўскіх стужак быць не павінна!!!” — фота ліста такога зместу трапляе ў інтэрнэт 6 траўня.

Ліст адрасаваны адной з гомельскіх ячэек БРСМ. Там каментаваць такое рашэнне Еўрарадыё не хочуць і пераадрасоўваюць у цэнтральны апарат арганізацыі. Прэс-сакратар рэспубліканскага БРСМ Наталля пацвярджае Еўрарадыё, сёлета у афіцыйных мерапрыемствах члены БРСМ будуць карыстацца стужкамі дзяржаўных чырвона-зялёных колераў.

“Чырвона-зялёная стужка — гэта сімвал нашай акцыі “Дзякуй за перамогу”. Сімвал акцыі БРСМ”, — кажа яна.

Супрацоўнік прэс-службы грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Яўген Белавусаў таксама расказвае, што яго арганізацыя не будзе карыстацца георгіеўскімі стужкамі падчас сёлетніх святкаванняў. Мала таго, па словах функцыянера, “Белая Русь” імі увогуле ніколі не карысталася.

“Мы ніколі не раздавалі георгіеўскіх стужак. Заўсёды выкарыстоўвалі чырвона-зялёныя і лагатып “Белая Русь”. Таму пра георгіеўскія стужкі вам сказаць нічога не можам”.

А вось лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч ад выкарыстання георгіеўскіх стужак адмаўляцца не збіраецца. Гаворыць, што гэта сімвал нашай агульнай гісторыі і перамогі, а зусім не знак нейкіх прарасійскіх сіл.

“А чаму мы павінны адмаўляцца? Нашы дзяды і бацькі не адмаўляліся. І ў Еўропе ніхто не адмаўляецца. Чаму мы павінны? Гэтак было… І гэта не значыць, што мы нейкая прарасійская сіла. Усе пад імі ваявалі, чаму я павінен адмаўляцца?”

Па інфармацыі Еўрарадыё, рэкамендацыі аб адмове ад выкарыстання чорна-аранджавых стужак у святкаваннях Дня перамогі атрымалі таксама раённыя ідэалагічныя аддзелы і школы. 5 траўня з’явіліся паведамленні, што выкарыстоўваць георгіеўскія стужкі ў якасці сімвалаў перамогі ў Вялікай айчыннай вайне сёлета адмаўляюцца і ў Казахстане.

Павышаная ўвага да георгіеўскай стужкі як сімвала з’явілася пасля таго, калі прарасійскія сепаратысты ў Крыме і на усходзе Украіны пачалі выкарыстоўваць іх у якасці альтэрнатывы жоўта-блакітным стужкам праўкраінскіх актывістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі