Беларусы штурмуюць крамы бытавой тэхнікі (фота)

У сталічнай краме па продажы бытавой тэхнікі (знаходзіцца ў сетцы папулярных гіпермаркетаў) у пятніцу 19-га снежня — як у мурашніку. Чарга ў кожную з кас складае па два дзясяткі чалавек. І кожны купляе зусім не па адной адзінцы тавару. Ажыятаж звязаны і з тым, што многія крамы-канкурэнты з пятніцы зачыніліся і праводзяць пераацэнку тавару.

Нагадаем, што сітуацыя звязаная з 30-працэнтнай камісіяй Нацбанка на набыццё валюты. Фактычна людзі разумеюць, што курс долара скакануў за 14 тысяч рублёў. А кошты ў краме пакуль старыя.

Супрацоўнікам няма калі адпачыць — на праверку тавару стаіць чарга.

“Мне знаёмы тэлефанаваў, сказаў, што па горадзе амаль усе крамы з тэхнікай закрытыя. Таму людзі валяць да нас”, — уздыхае адзін з супрацоўнікаў крамы, які сочыць за парадкам.

Такога, што дзесьці паліцы палохаюць пустэчай — амаль няма. Відаць, крама добра падрыхтавалася да навагодніх святаў. Расхоплены тавар аператыўна падмяняюць новым. Толькі ў аддзеле з планшэтамі заўважаем пустоты.

Чамусьці цэлы атрад пакупнікоў абступіў мульціваркі па мільёне. Адна парачка закупляе такіх ажно 12 штук.

“Добрая рэч, зніжачны кошт, гэта на падарункі”, — усміхаецца мне парачка.

“Ага! Прадаваць будуць, навараць па 40 працэнтаў з кожнай!” — бурчаць між сабой пажылыя муж і жонка.

Нягледзячы на паломніцтва, ні боек, ні гвалту, ні скандалаў у краме няма. Хоць на ўсялякі выпадак перад уваходам дзяжураць два міліцыянеры. Пакрыкваюць адно на аднаго толькі ў аддзеле з тэлевізарамі. Гэта чамусьці самы папулярны тавар з дарагіх. Яшчэ ахвотна разбіраюць пыласосы, прасы. З буйнагабарытных рэчаў — пральныя машыны ды лядоўні. Электраванначкі для ног, мікрахвалёўкі, музычныя цэнтры — усё разыходзіцца так, што бог камерцыі, відаць, на сёмым небе ад задавальнення.

Расслаблена весяляцца толькі дзяўчаткі з аддзелу крэдытавання. Выдаваць крэдыты забаранілі, працы ў іх няма, адбываюць час.

Недалёка ад іх дзядуля гадоў пад 75 матлошыць адміністратарку:

“У мяне няма з сабой столькі грошай, адкладзіце мне на адзін дзень гэты пыласос за 700 тысяч. Я буду скардзіцца!

“А заўтра, скажу вам па сакрэце, мы таксама закрываемся на пераацэнку тавараў, — шэпча мне на вуха маладзенькая кансультантка з крамы. — Толькі я вам гэтага не казала”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі