Беларускі праваабарончы форум праходзіць у Вільні

Арганізатарамі двухдзённая сустрэчы сталі ліквідаваны беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларуская асацыяцыя журналістаў і некаторыя іншыя арганізацыі.



На адкрыцці форума сябра “Вясны” Таццяна Равяка адзначыла, што праваабарончы рух у Беларусі “развіваецца і пашыраецца”. Паводле яе словаў, дадатковым доказам гэтага стала тое, што сёлетні форум сабраў болей за 110 дэлегатаў 25 арганізацыі ды ініцыятываў, якія маюць дачыненне да праваабарончай дзейнасці. У 2010 годзе такіх арганізацый было 17.



Час, які мінуў з моманту папярэдняга форума ў 2010 годзе, стаў для беларускага праваабарончага руху “часам сапраўдных выпрабаванняў”. Сёння яны не скончыліся, падкрэсліла Таццяна Равяка: лідар “Вясны” Алесь Бяляцкі ў зняволенні, у турмах застаюцца таксама іншыя палітвязні.



У першы дзень форума ўдзельнікі мерапрыемства абмяркоўваюць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі з моманту правядзення папярэдняга форума, шляхі развіцця і перспектывы беларускага праваабарончага руху. Другі дзень пройдзе ў фармаце секцый на тэмы нацыянальных праваабарончых кампаній, адукацыі па правах чалавека, барацьбы з дыскрымінацыяй і ўзаемадзеяння структур грамадзянскай супольнасці з органамі ўлады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі