Беларуска-ўкраінская “Ратаўніца” выпраўляецца ў зону АТА (фота)

Працаваць ён будзе ў “Першым добраахвотным шпіталі імя Пірагова”. Праўда, здзейсніць першапачатковыя планы і цалкам абсталяваць машыну ўсім неабходным для сапраўднага рэанімабіля абсталяваннем, валанцёрам не ўдалося. Але ў шпіталі, куды яна накіроўваецца, такі недахоп спецыялізаванай тэхнікай, што там будуць рады самастойна давесці беларуска-ўкраінскі рэанімабіль да ладу. Пра гэта Еўрарадыё распавёў беларускі грамадскі актывіст і валанцёр Андрэй Стрыжак.

Стрыжак: “Магчымасць даабсталяваць машыну да ўзроўні рэанімабіля выказалі менавіта прадстаўнікі “Першага добраахвотнага шпіталя імя Пірагова”. Таму, машынка ўжо літаральна заўтра заступае на дзяжурства. Калі хлопцы даведаліся, што мы сёння не паспяваем да іх даехаць, то былі вельмі расчараваныя — менавіта зараз адна машына павезла параненага ў Харкаў, а ўсе астатнія стаяць на “прыколе”, бо патрабуюць рамонту. Таму, заўтра наша машына да іх прыходзіць і адразу прыступае да працы”.

Машына каштавала валанцёрам 5500 еўра. Грошы на яе давалі як беларусы, так і ўкраінцы. А вось поўнае тэхабслугоўванне з заменай усіх неабходных частак ёй зрабілі ўкраінскія тэхнікі.

Машына, распавядае Андрэй Стрыжак, будзе мець пазнавальны “беларускі знак” — ёй далі імя “Ратаўніца” па-беларуску, якое і напісана на рэанімабілі. А ў якасці дадатковых прыкмет на машыне будуць адмысловыя налепкі з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй. Ну, і плюс тэхнікі намалявалі на “баках” рэанімабіля ўкраінскі арнамент.

Адначасова з Гомеля ў Чарнігаў адпраўляецца дапамога, якую сабралі жыхары Мінска і Гомеля у межах гуманітарнай ініцыятывы “Беларусь-АТА”для ўцекачоў з зоны АТА і чальцоў сем’яў параненых і забітых.

Фота: З архіва Андрэя Стрыжака

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі