Беларусь і Расія прапрацоўваюць пытанні стварэння адзінай візавай прасторы

Беларусь і Расія прапрацоўваюць пытанні стварэння адзінай візавай прасторы. Пра гэта 20 лістапада заявіў намеснік кіраўніка МЗС Расіі Рыгор Карасін.

"Саюзная дзяржава [Беларусі і Расіі] ідзе на крок наперадзе іншых інтэграцыйных фарматаў, — цытуе словы Карасіна РІА "Новости". — Вось канкрэтны прыклад, які абмяркоўваўся ў Мінску кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін [Уладзімірам Макеем і Сяргеем Лаўровым]: ідзе прапрацоўка комплексу пытанняў, звязаных са стварэннем адзінай візавай прасторы Расіі і Беларусі".

Рыгор Карасін таксама паведаміў, што ў канцы снежня ў Маскве адбудзецца ключавое мерапрыемства двухбаковых стасункаў Расіі і Беларусі — пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы.

Як паведамяла Еўрарадыё, у верасні МЗС Расіі паведаміў, што Расія і Беларусь абмяркоўваюць магчымасць увядзення адзінай уязной візы накшталт шэнгенскай. Паводле слоў намесніка кіраўніка МЗС Расіі Рыгора Карасіна, увесці яе будзе дастаткова складана, але зрабіць гэта трэба.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі