БАТЭ скасаваў кантракт з Максімам Жаўнерчыкам, які крытыкаваў трэнера

БАТЭ скасаваў кантракт з Максімам Жаўнерчыкам, які крытыкаваў трэнера

Футбольны клуб БАТЭ скасаваў кантракт з абаронцам Максімам Жаўнерчыкам па згодзе бакоў. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце барысаўскага клуба. 

Паведамляецца, што з 2015 года футбаліст правёў за БАТЭ 69 матчаў. За час яго гульні клуб двойчы станавіўся чэмпіёнам краіны (2015, 2016), тры разы выйграваў Суперкубак Беларусі (2015, 2016, 2017), заваяваў нацыянальны Кубак (2015), а таксама выступаў у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў-2015/16.

Канфлікт паміж Жаўнерчыкам і БАТЭ ўзнік 12 ліпеня пасля гульні клуба з армянскім "Алашкертам" у Лізе чэмпіёнаў. Тады каманда не здолела дома перамагчы гасцей, і футбаліст у размове з журналістамі раскрытыкаваў гульню каманды. Таксама ён заявіў, што калі БАТЭ вылеціць з еўракубкаў, дык трэба будзе разганяць або футбалістаў, або трэнераў. 

Пасля гэтага галоўны трэнер каманды Аляксандр Ермаковіч не ўзяў Жаўнерчыка на матч у адказ у Ерэван. Там БАТЭ атрымаў перамогу над "Алашкертам" і заваяваў пуцёўку ў трэці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.

Тады Ермаковіч патлумачыў сітуацыю з Жаўнерчыкам наступным чынам: "Скажу так: у БАТЭ інтарэсы каманды заўсёды стаяць вышэй за эмоцыі асобных гульцоў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі