Баранавіцкага прадпрымальніка аштрафавалі за мітынг пратэсту

Чарнавуса прызналі вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Сам актывіст збіраецца абскардзіць рашэнне суда, паведамляе БелаПАН.

1 ліпеня каля 300 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Баранавічаў, прыпынілі працу. Яны пратэставалі супраць указа Лукашэнкі №222, які істотна ўскладняе іх працу. Людзі сабраліся на цэнтральным кааператыўным рынку Баранавічаў, а потым скіраваліся ў гарвыканкам, каб абмеркаваць з чыноўнікамі праблемы, звязаныя з увядзеннем указу. У гарвыканкаме ім заявілі, што нікога з кіраўніцтва няма на месцы. Тым не менш прадпрымальнікі трапілі ў актавую залу. Яны правялі сход, па выніках якога прынялі рэзалюцыю на імя кіраўніка дзяржавы.

Чарнавуса затрымалі 2 ліпеня. У міліцыі прадпрымальніку, які з'яўляецца інвалідам II групы, стала блага. Ён неаднаразова прасіў пра меддапамогу, але міліцыянты ігнаравалі яго просьбы. Пасля складання пратаколу прадпрымальніка адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, там у яго рэзка падняўся ціск. Машына "хуткай дапамогі" адвезла Чарнавуса з пастарунка ў шпіталь.

Суд над Чарнавусам прайшоў 21 ліпеня. Па словах актывіста, паказанні дырэктара цэнтральнага кааператыўнага рынку Баранавічаў таксама сведчылі, што Чарнавус не быў арганізатарам сходу. Але суддзя прыняў іншае рашэнне.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі