Балканскі шоукейс-фестываль MENT Ljubljana запрашае беларускіх музыкаў

Балканскі шоукейс-фестываль MENT Ljubljana запрашае беларускіх музыкаў

1-3 лютага ў сталіцы Славеніі Любляне пройдзе міжнародны музычны шоукейс-фестываль MENT Ljubljana. Летась узяць удзел у форуме спрабавалі 60 нашых артыстаў, але арганізатары абралі дваіх — Super Besse і Mustelide. Да 5 верасня можна дасылаць заяўкі на чарговы фэст.

“Беларуская дэлегацыя стала вельмі важнай і яскравай часткай мінулага фестывалю MENT Ljubljana, — кажа адзін з кіраўнікоў фестывалю Мацьяж Манчэк. — Энэргічны пост-панк Super Besse і стыльны электра-поп Mustelide зрабілі наймацнейшае ўражанне на нашу публіку і гасцей. Акрамя таго, мы даведаліся шмат цікавага пра беларускую музычную сцэну падчас лекцыі ў межах прафесійнай канферэнцыі. Таму мы вельмі чакаем новыя імёны з Беларусі”.

Артысты, якіх абяруць арганізатары, атрымаюць кампенсацыю транспартных выдаткаў на суму 250 еўра (на гурт), жыллё, бясплатны пропуск на аднаго чалавека на канферэнцыю і доступ да базы кантактаў дэлегатаў фэсту. Заяўкі прымаюцца праз букінгавы сэрвіс Gigmit. Афіцыйны сайт фестывалю www.ment.si.

МENT Ljubljana з’яўляецца найбуйнейшым шоукейс-фестывалем у рэгіёне. На яго прыязджаюць не толькі музыкі, але і арганізатары фестываляў, прадстаўнікі лэйблаў, букеры і журналісты з Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У лютым 2016 яго наведалі больш за тры тысячы гледачоў і 320 спецыялістаў з 27 краін свету. На фестывалі выступілі больш за 50 артыстаў з 20 краін.

Партнёр МENT Ljubljana — сайт Experty.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі