Аўтар відэа з дэпутатам: Днямі панясу заяву на яго дзеянні

Аўтар відэа з дэпутатам: Днямі панясу заяву на яго дзеянні

У пасёлку Лясны пад Мінскам дэпутат абласнога савета на легкавым аўтамабілі, не звяртаючы ўвагі на забараняльны знак, паехаў па сустрэчнай паласе на вуліцы з аднабаковым рухам. Кіроўца сустрэчнай машыны перакрыў дарогу парушальніку. Усё гэта было знята відэарэгістратарам. На ім бачна, як дэпутат аблсавета, ён жа дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Алег Суконка, выходзіць з машыны і з абурэннем і нават пагрозамі патрабуе, каб яму далі праехаць. У выніку машыны раз'язджаюцца, а ролік, як і абяцаў яго аўтар, з'яўляецца ў інтэрнэце. Відэа ўжо набрала дзясяткі тысяч праглядаў.

Вось, што распавядае Еўрарадыё сам аўтар роліка Аляксандр:

"Усё адбылося раніцай у пятніцу. На рэгістратары ўсё дакладна. Ехала "Вольва". Я спыніўся. Ён тузануўся наперад, потым назад. Пачаў мне махаць рукой — стой. Я спыніўся, адкрыў акно. А далей пачаліся пагрозы, потым пачаў пасведчаннем махаць — я дэпутат. На калені я перад ім не ўпаў праз гэтае пасведчанне. Мне ўсё роўна, дэпутат ён ці хто. Выконвай правілы, ездзі правільна. Пакуль праблем не было. Відэа я адправіў на #перахоп (сайт, куды можна скідаць фота і відэа з парушэннямі ПДР — Еўрарадыё), але яго там не апублікавалі. Днямі панясу заяву на яго дзеянні. А далей будзем глядзець, што выйдзе і каго пачнуць вінаваціць".

Аляксандр кажа, што такіх выпадкаў на гэтай дарозе шмат, але выкладаць у сеціва даводзілася толькі два разы, калі ў парушальнікаў была неадэкватная рэакцыя.

"На гэтай дарозе такое кожны дзень. Але я відэа гэтыя не выкладваю. Толькі два відэа, дзе людзі пачыналі крычаць, неяк сябе выпячваць. Падыдзі, папрасі прабачэння, скажы, што не заўважыў знак, усё ж можна мірна зрабіць. Я думаю, што чалавек ехаў на працу і вырашыў зрэзаць у РНПЦ. Гэта мой пункт гледжання. Праехаць хутчэй — без святлафораў. А на гэтай вуліцы школы і дзіцячыя садкі".

На мапе бачна, што на гэтай вуліцы сапраўды шмат садкоў і школ.

Аўтар відэа з дэпутатам: Днямі панясу заяву на яго дзеянні
Мы пазначылі чырвоным кірунак руху дэпутата. Чорным пазначаны кірунак руху на гэтай вуліцы. Даехаць да РНПЦ так сапраўды бліжэй.
Аўтар відэа з дэпутатам: Днямі панясу заяву на яго дзеянні

Дэпутат і дырэктар РНПЦ Алег Суконка ў размове з Еўрарадыё прызнае, што сапраўды парушыў правілы, бо спяшаўся, каб праверыць, як ідуць будаўнічыя працы на аб'екце, які ён кантралюе.

"Я заўжды езджу па правілах. Але ў дадзенай сітуацыі ніводнага чалавека не было, мне трэба было паглядзець, як ідуць будаўнічыя працы каля школы. Я быў ініцыятарам тых зменаў, якія робяцца ў Бараўлянах сёння. Я гэта ўсё кантралюю. І таму прыехаў пасля адпачынку паглядзець. Я паехаў, калі нікога не было. Але ж ён спецыяльна, як мяне ўбачыў, пачаў газаваць і мяне падпіраць — чаго ж я выйшаў? Кажу: “Навошта вы гэта робіце? Я заеду сюды — я вам перашкаджаю ці што?” Я мірна з ім спрабаваў, ён правакаваў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі