Атрымаць беларускае грамадзянства цягам года можна за 150 тысяч еўра

Але калі такіх грошай на інвестыцыі ў нашу эканоміку ў замежніка няма, то чакаць яму давядзецца не менш за 10 год. У асноўным атрымаць беларускае грамадзянства магчыма не раней чым за сем год сталага пражывання ў нашай краіне. Да гэтага дадайце сам працэс разгляду дакументаў – нямногім менш за год. Але, як расказалі Еўрарадыё ў аддзеле па грамадзянству і міграцыі Заводскага РУУС Мінска, працэс на справе цягнецца на некалькі год даўжэй. Ды яшчэ і рэпутацыю для атрымання грамадзянства трэба мець ідэальную.

Аддзел па грамадзянству і міграцыі: “Звычайна грамадзянства можна атрымаць праз дзесяць гадоў пасля таго, як вы стала жывяце на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дзеля гэтага мусяць быць падставы, грамадзянства ў нас падпісваюць не кожнаму. Калі чалавек пражывае ў Беларусі легальна, ён зарэгістраваны, мае сям’ю, сталую працу, то ніякіх пытанняў да яго не ўзнікне”.

Апроч гэтых патрабаванняў неабходна праводзіць на тэрыторыі Беларусі не менш за 9 месяцаў за год.

Дробны прадпрымальнік з Азербайджана Агіляр Мухамедаў, таксама захацеў стаць беларусам, аднак лічыць вельмі цяжкім працэс атрымання грамадзянства ў нашай краіне.

Агіляр Мухамедаў: “Я грамадзянінам Беларусі буду праз пяць гадоў, пакуль у мяне від на жыхарства. Атрымаць грамадзянства складана. А вось у Расіі гэта нескладана, там усё вырашаюць грошы. А тут цяжка, патрэбна вельмі шмат мудрагелістых папер, дакументаў”.

Хоць некаторым катэгорыям імігрантаў і беларускі закон дае паслабленні. Напрыклад, калі вы замежнік і ажаніліся з беларускай. У такім разе мясцовы аддзел па грамадзянству і міграцыі вырашыць справу за два-тры гады.

Калі ж вы багаты бізнесовец і гатовы інвеставаць у беларускую эканоміку, многія перашкоды да атрымання грамадзянства руйнуюцца.

“Для таго, каб хутка атрымаць беларускае грамадзянства, інвеставаць у нашу эканоміку трэба ад 150 тысяч еўра, - паведамляюць ва ўпраўленні па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама. - Апроч гэтага наша Міністэрства эканомікі павінна скласці ліст-хадайніцтва аб тым, што гэтыя грошы сапраўды дапамаглі ў рэалізацыі нейкіх праграм. Калі Мінэкномікі сапраўды складае такі ліст, пытанне разглядаецца ў абыход сямігадовага цэнзу на атрыманне грамадзянства”.

Еўрарадыё: Калі гэта дастатковая сума, ці магчыма разгледзець пытанне, скажам за адзін год?

Упраўленне: “Так”.

Беларускае грамадзянства абыходзіцца вялікай цаной. Але, як патлумачыла намеснік начальніка аддзела па грамадзянству і міграцыі РУУС Першамайскага раёна Мінска Марына Пятрэнка, пазбавіцца грамадзянства таксама не проста.

Марына Пятрэнка: “Дакументы на выхад з беларускага грамадзянства мы прымаем толькі ў тым выпадку, калі чалавек ужо мае замежнае грамадзянства альбо ёсць гарант атрымання гэтага замежнага грамадзянства. Каштуе афармленне выхаду з грамадзянства пяць базавых велічынь, гэта 175 тысяч беларускіх рублёў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі