Астролаг: 15 лістапада больш удалы дзень для выбараў, чым 11 кастрычніка

Еўрарадыё спытала дыпламаванага астролага зараастрыйскага інстытута, астрапсіхолага, астролага Авесты Улада Роса і вядомага беларускага астролага Уладзіміра Васюка, наколькі 11 кастрычніка спрыяльны дзень для правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі.

Пра дзень выбараў

Улад Рос: “Выбары прызначаныя на недасканалы час на апошнiя днi сыходу, калi месяц злучаецца з Лiлiт (з чорным Месяцам). Натуральна, казаць пра чэснасць гэтых выбараў нерэальна. Усё будзе зроблена, як павінна быць зроблена. Але гэта кажа пра тое, што магчыма, гэта будзе апошні цыкл праўлення цяперашняга прэзідэнта Беларусі. І нягледзячы на тое, што ён гэтыя выбары выйграе, гэта будзе кропка канца яго праўлення і, магчыма, да канца тэрміна ён не дасядзіць.

З пункту гледжання зорак, хто б ні перамог на гэтых выбарах, а пераможа, хутчэй за ўсё, Лукашэнка, у выніку ён датэрмінова сыдзе. Паколькі месячны серпік будзе амаль нябачны на небе — гэта будзе падвядзенне вынікаў праўлення гэтага прэзідэнта. Далей за гэты тэрмін ужо нічога не бачна.

На момант выбараў Уран, а гэта сімвал апазіцыі і рэвалюцыйных тэндэнцый, будзе супрацьстаяць Сонцу. Уран моцны апанент Сонцу. Выбары прызначаныя на не вельмі ўдалую дату. Таму сапраўды магчымае такое супрацьстаянне”.

Уладзімір Васюк: “Сёння Месяц ў знаку "Рыбы". А гэта знак псіхалогіі і нечага патаемнага — сёння адзін з самых неспрыяльных дзён у гэтым месяцы. Сам знак "Рыбы", калі разглядаць яго ў кантэксце масавай свядомасці, ён не дае магчымасці грамадзянам той ці іншай краіны, у якой адбываюцца выбары, вызначыць сваю пазіцыю.

Першае наступства — гэта нявызначанасць масавай свядомасці. Вызначыцца да апошняга моманту не будзе ніякай магчымасці. Дата 30 чэрвеня, як пачатак перадвыбарнай кампаніі, а ўсе ведаюць, што выбары ў нас — гэта выбар паміж кандыдатам ад улады і апазіцыі, гэтая дата не дае магчымасці на поўную моц праявіцца менавіта кандыдату ад апазіцыі. Калі разглядаць 11 кастрычніка — тыя ж уплывы.

Мала таго, што выбары адбываюцца, калi месяц стары, дык яшчэ гэтая фаза месяца утварае злучэнне Меркурыя i Лiлiт, а гэта хлусня ды правакацыi, чорны пiар. На час выбараў Нептун – планета, якае адказвае за апазiцыйны блок будзе ў апазiцыi з Юпiцерам i Марсам. Марс – планета вайны і агрэссii..."


Дзень выбараў яшчэ могуць перанесці

Уладзімір Васюк: “Цяпер такая сітуацыя на зорным небе, што рух планеты Меркурый адбываецца ў рэтраграднай фазе. Гэта перыяд, калі інфармацыя можа быць прачытаная зусім наадварот. Таму тое, што адбываецца ў гэты перыяд, можа потым памяняцца. 

Таму дата 11 кастрычніка — гэта дата не канчатковая, яе могуць перанесці на верасень ці на тыдзень–два пазней у кастрычніку. Але гэта не канчаткова і было зроблена з мэтай паглядзець, як будзе варушыцца масавая свядомасць, якія першыя крокі зробяць канкурэнты і апазіцыя”.

Пра Лукашэнку

Улад Рос: “У яго гараскопе дакладна прапісана, што ў яго Сатурн знаходзіцца ў 10 доме гараскопа, а Сатурн гэта планета правадыроў, таталітарнага рэжыму і заўсёды калі Сатурн знаходзіцца ў доме ўлады, гэтага чалавека звяргаюць, як, напрыклад, Напалеона”.

Сярэдзіна лістапада — больш удалы дзень, чым кастрычнік

Улад Рос: “Вось сярэдзіна лістапада для выбараў найбольш удалая дата. Хаця б таму, што Месяц у знаку дыктатарства, у "Казярогу" ў злучэнні з Плутонам. Гэта дата найбольш спрыяльная для Лукашэнкі, як магчымасць утрымаць уладу ў сваіх руках. Таксама у гэты дзень Месяц у спрыяльным аспекце да Юпіцера — у знаку "Дзевы", і няма рэвалюцыйнай планеты Урана і яго магутнага уплыву, як у кастрычніку”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі