Армянскі палітолаг: Пратэсты ў Ерэване не выльюцца ў рэвалюцыю

У Арменіі працягваецца акцыя пратэсту супраць павышэння тарыфаў на электраэнергію. Пасля жорсткага разгону дэманстрантаў у ноч на аўторак пратэстоўцы зноў сабраліся на праспекце Баграмяна. У сераду раніцай да дэманстрантаў далучылася група армянскіх палітыкаў (як апазіцыйных, так і праўладных) і грамадскіх дзеячаў. Яны стварылі “жывы шчыт” паміж удзельнікамі акцыі і паліцэйскімі.

Дэманстранты таксама прынеслі на праспект некалькі смеццевых бакаў і размясцілі іх насупраць паліцэйскага ачаплення. Яны заявілі, што будуюць лінію абароны супраць магчымых дзеянняў паліцыі.

Журналіст партала news.am Арам Гарэгінян распавядае Еўрарадыё, што патрабаванні засталіся нязменнымі: не павышаць тарыфы на электраэнергію.

Адваротнай рэакцыі ад уладаў не паступала, акрамя паведамленняў пра гатоўнасць да перамоваў.

Атмасфера на праспекце крыху змякчылася. Пратэстоўцы нават робяць крокі добрай волі ў адрас паліцэйскіх: падносяць ім ваду, бо ў горадзе амаль +33 градусы.

Журналіст дадае, што сярод пратэстоўцаў не назіраецца яскравай іерархіі і яўных лідараў. Апазіцыйныя палітыкі, якія ўваходзілі ў склад “жывога шчыта” паміж пратэстоўцамі і паліцэйскімі, некалькі разоў заяўлялі, што ў тактыку дэманстрантаў умешвацца не збіраюцца.

“Пра стыхійнасць дэманстрацыі можа сведчыць тое, што людзі не ідуць за кіраўнікамі, якія з’яўляюцца з ніадкуль. Калі нехта спрабуе ад імя дэманстрантаў весці перамовы з паліцыяй ці выступаць перад прэсай, людзі ў яго адразу пытаюцца: хто ён, адкуль і чаму робіць нейкія заявы ад імя ўсіх”, — кажа журналіст.

Армянскі эксперт у паліталогіі Аляксандр Іскандаран мяркуе, што ў пратэстах няма і геапалітычнага падтэксту. Электрасеткі Арменіі, якія належаць “РАТ АЭС Расіі”, не асацыююцца ў насельніцтва з расійскай палітыкай. І гэты рух мае хутчэй антыкарупцыйную канатацыю.

“Адрасатам пратэсту з’яўляецца нават не столькі гэта фірма, колькі ўрад Арменіі. І патрабаванні пратэстоўцаў накіраваныя не ў адрас “РАТ АЭС Расіі” і тым болей Расіі, а да ўрада Арменіі і менавіта ў прэзідэнцкі палац”, — адзначае палітолаг.

Аляксандр Іскандаран

Аляксандр Іскандаран дадае, што гэта не першая такая дэманстрацыя. Пратэсты праводзіліся з нагоды пенсійнай рэформы, якую ў выніку так і не правялі, з нагоды павышэння тарыфаў на транспарт, якія потым так і не паднялі. І існуе вялікая імавернасць таго, што цэны на электрычнасць таксама ўсё ж не зменяць.

На думку палітолага, наўрад ці гэтая акцыя пратэсту выльецца ў рэвалюцыю. І магчымых варыянтаў развіцця падзеяў можа быць некалькі:

“Магчымыя розныя варыянты: саступкі, больш жорсткае стаўленне — разгоны, затуханне, перанос акцыі ў іншае месца, дзе яна можа вельмі доўга цягнуцца. Па-рознаму можа быць. Усе гэтыя варыянты развіцця ўжо былі ў найноўшай армянскай гісторыі”.

Жывая трансляцыя з праспекта Баграмяна:

Фота: reuters.com, news.am, AFP, tarmnews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі