Арамнаў абвяргае завяршэнне кар’еры і тлумачыць, чаму не можа выступаць

Арамнаў абвяргае завяршэнне кар’еры і тлумачыць, чаму не можа выступаць

Намеснік міністра спорту Аляксандр Гагіеў у эфіры “СТБ” паведаміў пра лёс Андрэя Арамнава.

“Андрэй ужо не рыхтуецца да чэмпіянату свету, які пройдзе ў Х’юстане. Мы яму стварылі ўсе ўмовы для падрыхтоўкі, але ў яго не атрымліваецца. Траўмы даюцца ў знакі, як толькі ён падыходзіць да пікавай вагі. Так што, на Алімпіядзе Арамнава мы не ўбачым”, — выказваецца Гагіеў.

Звязваемся з самім цяжкаатлетам і наўпрост пытаемся, ці завяршыў ён кар’еру. Андрэй Арамнаў тлумачыць, што акурат цяпер разважае над гэтым пытаннем і тлумачыць, як да такога дайшло.

***

Фатальнае для Арамнава пашкоджанне здарылася ўлетку 2012 года. Тады перад Алімпіядай у Лондане алімпійскага чэмпіёна прымусілі выступіць на дзіцячай спартакіядзе, каб праверыць яго форму. Атлет пайшоў на прынцып і вырашыў падняць вагу, блізкую да сусветнага рэкорда. У выніку здарыўся разрыў левага сцягна. Выступіць на Алімпіядзе Арамнаў не змог. 

Арамнаў абвяргае завяршэнне кар’еры і тлумачыць, чаму не можа выступаць
2012 год. За хвіліны да фатальнай траўмы. Фота pressball.by.

І пасля гэтага здолеў узяць толькі бронзу чэмпіяната Еўропы. Пры гэтым выступаў Андрэй траўмаваным.

“З 2012 года я гэта сцягно толькі дарываў і дарываў. Ніхто не паспрыяў нармальнаму лячэнню і не даў на гэта ні капейкі. Проста мне рабілі МРТ і казалі: “Так, у цябе траўма. Лячы”. Як лячыць, чым лячыць? А насамрэч, я перакананы, трэба было рабіць аперацыю. Але ў Беларусі ніводзін урач, які са мной працаваў, справіцца з маёй даволі простай траўмай не змог. Галоўны траўматолаг нацыянальных каманд паставіў дыягназ “Надрыў”. Калі мне пасля рэцэдыву траўмы пяты раз прапанавалі адно і тое ж лячэнне, я ад яго адмовіўся. У маёй медыцынскай карце нават ёсць пра гэта запіс. Тады мне прапанавалі штодня ездзіць у Мінск і рабіць дарагія ўколы. На ўсё гэта не было грошай, і не было сэнсу пагаджацца на лячэнне, якое б не дало вынікаў”.  

Еўрарадыё: Што, на вашу думку,  трэба было рабіць з траўмай?

Андрэй Арамнаў: Я не эксперт у медыцыне, але лічу, што лагічна было ад самага пачатку сшыць парваную мышцу і не даць ёй зрабіцца рубцом. Сама па сабе мышца не зрасталася. Яна парвалася — а потым гэты разрыў апускаўся ніжэй. Яе трэба было падцягнуць назад. І ў прынцыпе, прафесійным спортам можна было б займацца далей. Трэба было цэласнасць сцягна захаваць. А ніхто ж гэтага не зрабіў.  З 2012 года ніводнай карыснай парады ад нашых спецыялістаў я не атрымаў. Мне толькі прыбіралі запаляльны працэс. Усе меры былі накіраваныя на тое, каб прыбраць боль, але на справе мне не дапамагалі ні на ёту. 

Еўрарадыё: Вам не выпісвалі ніякіх прэпаратаў?

Андрэй Арамнаў: Прапісвалі ўколы, каб зняць запаленне. Я ў сваю чаргу як мог, так і лячыўся за свой кошт.  У выніку траўме ўжо столькі гадоў! Яна рубцуецца, і там адбываецца незразумела што. Біямеханіка сцягна мяняецца. Калі далей не лячыць яго, то ў мяне будзе рызыка страты тазабедранага сустава. І гэта ва ўзросце, меншым за 30 гадоў. Вось вам і Гагіеў ды яго словы пра “стварылі ўсе ўмовы”! 

Еўрарадыё: Калі б удалося разабрацца з гэтай траўмай, вы б працягнулі спартовую кар’еру?

Андрэй Арамнаў: Сёння я працую ў спартшколе. Гэта для душы. Заробак там 1,2 мільёна. Але няўжо вы думаеце, што я крэтын і хацеў бы такога лёсу? У той жа час трэніравацца і выступаць мне сёння немагчыма. Мучуся з болем у назе. Усе месцы занятыя, мяне ніхто нікуды працаваць не кліча. Мае веды нікому не патрэбныя…

Еўрарадыё: Беларускія футбалісты з нашых найлепшых клубаў лётаюць на аперацыі за мяжу. Можа быць, аперацыя ў правільным месцы магла б вярнуць вашу кар’еру?

Андрэй Араманаў: Безумоўна! Але я не алімпійскі чэмпіён па футболе. Я займаюся цяжкай атлетыкай. А да чаго ідзе любы цяжкаатлет? Кідаеш займацца спортам — і ты нікому не патрэбны ўвогуле. Трэба ісці на будоўлю ці працаваць грузчыкам, ці прыбіральшчыкам. Я іду да таго, каб быць трэнерам у спартыўнай школе за 1,2 мільёна. Атрымаецца, не атрымаецца, але толькі праз два гады будзе тры мільёны зарплаты. Я дзесяць гадоў таму пра гэта ведаў, перажываў. У тым ліку адсюль усялякія эмацыйныя зрывы. І ў выніку застаўся я з голым…Васем. Атрымліваецца, трэба пачынаць жыць наноў. Але надзея на тое, што здарыцца цуд і я змагу вярнуцца ў спорт, ува мне жыве.

Фота: budzma.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі