Апазіцыя выбірае "трыадзінага", а ад партый вылучаецца па два кандыдаты

Еўрарадыё стварыла свой рэйтынг перадвыбарных “кур’ёзаў” прэзідэнцкай кампаніі. Кампанія па выбарах прэзідэнта яшчэ не пачалася, а перадвыбарная палітычная мітусня ўжо парадзіла шэраг недарэчнасцяў і дзівосаў.

1. Напэўна, самай выбітнай стала ўмова, якую паставілі сябры АГП, вылучаючы Яраслава Раманчука. Яму параілі тэрмінова ажаніцца. Падалі гэта як жарт, з гумарам паставіўся да парады і сам Яраслаў.

Яраслаў Раманчук: “Гэта не ўмова была, а пажаданне. Рэкамендацыя такая сяброўская — і я паставіўся да яе па-партнёрску”.



Праўда, як высветлілася, парада была жартаўлівая, а можа і загадзя разлічаная на піяр: нявеста ў Раманчука на той момант ужо была.

2. На другое месца Еўрарадыё вырашыла паставіць сітуацыю вакол адзінага кандыдата. Яго выбіраюць тры “кааліцыі” — кожная свайго: Беларускі незалежніцкі блок, Рада беларускай інтэлігенцыі і левыя сілы.

У БНБ тон задаюць рух “За свабоду”, Партыя БНФ і БХД. Радай “кіруюць” лідэр АГП Анатоль Лябедзька і лідэр “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч, а ў левых дамінуе над астатнімі “Справядлівы свет”.

На думку Лябедзькі, нічога недарэчнага ў выбары адразу трох адзіных няма — бо ўсё адно нікога не выберуць. Ды і сэнсу, кажа, пакуль у гэтым няма.

Анатоль Лябедзька: “Сама працэдура пачатку рэгістрацыі стане пачаткам размовы пра працэдуру выхаду на адзінага кандыдата. Там не будзе прывязкі да спецыфічных груп — проста будуць людзі з рэсурсам чалавечым, фінансавым і з мажлівасцю прайсці як мінімум этап рэгістрацыі. А можа з патэнцыялам і на ўсю кампанію. Тады пачнецца рэальны перамоўны працэс”.



Але сённяшняя праца па выбары адзінага, лічыць палітык, не знікне: будуць выпрацаваныя стратэгія і план дзеянняў. Такога ж меркавання наконт выбараў “трыадзінага” прытрымліваецца і лідэр БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч: “Калі будуць хаця б тры асноўныя кандыдаты — адзін ад правых, адзін ад левых і адзін ад інтэлігенцыі — то гэта можа стаць асновай для таго, каб адбываліся далейшыя перамовы”.



Цікавая сітуацыя з левымі: яны нібыта вылучаць адзінага не збіраюцца. І ў той жа момант не выключаюць верагоднасці абрання свайго агульнага кандыдата, кажа намеснік старшыні “Справядлівага свету” Валеры Ухналёў.

Валеры Ухналёў: “Левыя не заяўлялі, што яны вылучаюць свайго адзінага кандыдата. Мы ўдзельнічаем ва ўсіх кансультацыях, якія толькі магчымыя па пытаннях набліжэння да адзінага кандыдата. Калі не атрымаецца, то мы разглядаем такую магчымасць, што левыя вызначацца самастойна і будзе той кандыдат, якога будуць падтрымліваць левыя сілы”.



Дарэчы, днямі “Справядлівы свет” заявіў, што ад іх партыі можа вылучыцца або лідэр Сяргей Калякін, або яго намеснік Валеры Ухналёў.



3. Яшчэ адна недарэчнасць у сітуацыі з адзіным ў тым, што хрысціянскія дэмакраты выбіраюць яго і разам з БНБ, і разам з Радай інтэлігенцыі. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі сцвярджае, што плёну ад такога падыходу больш. Ды і прапануюць яны і там, і там аднолькавыя ініцыятывы.

Віталь Рымашэўскі: “Тое, што мы робім, ужо дало плён: нам удалося дамовіцца і з Анатолем Лябедзькам па прынцыповых момантах абрання адзінага кандыдата, і з Мікалаем Статкевічам. Таму мы не будзем адмаўляцца працаваць з усімі, размаўляць з усімі. І там, дзе мы можам ісці разам, то мы будзем ісці разам”.



Вось толькі ці доўга БХД пройдзе разам з БНБ у абранні адзінага, сказаць цяжка. Бо цяпер яны ўвогуле паставілі жорсткую умову сябрам па блоку.

Віталь Рымашэўскі: “Калі да 15 чысла працэдура абрання адзінага не будзе прынятая, то мы пачнем вылучэнне адзінага з тымі арганізацыямі, якія згодныя стартаваць ужо сёння”.

4. Даволі недарэчнай выглядае і сітуацыя, калі на прэзідэнцкія выбары збіраюцца ісці па двое кандыдатаў ад адной партыі. Так, “фронтаўцы” абралі Рыгора Кастусёва, а Лявон Баршчэўскі плануе вылучыцца самастойна. У БСДП (Грамада) пра прэзідэнцкія амбіцыі заявіў вайсковы генерал Валеры Фралоў, думае аб вылучэнні і генерал міліцыі Мечыслаў Грыб. Іх старшыня Анатоль Ляўковіч бачыць адно выйсце з такой сітуацыі.



Анатоль Ляўковіч: “Партыя будзе прымаць рашэнне. А партыя можа прыняць любое рашэнне. Яе калегіяльныя органы могуць вырашыць: “Калі ты, таварыш, так хочаш ісці, не зважаючы на пазіцыю партыі, то мы табе прапануем пакінуць нашыя шэрагі”.





Прызнае недарэчнасць вылучэння двух кандыдатаў ад Партыі БНФ і Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў: “Атрымоўваецца не зусім прыгожая сітуацыя. Мне, праўда, не ўдалося паразмаўляць з Лявонам Баршчэўскім. Але думаю, што мне ўдасца з ім сустрэцца і ўсё ж такі гэта пытанне нейкім чынам уладзіць”.



Праўда, кажа, што ставіць пытанне аб выключэнні Баршчэўскага з партыі ён не хоча.



Фота: Змітра Лукашука, http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі