Вы тут

Анісім: Беларуская мова на ўпакоўцы абароніць беларускі тавар ад падробак

Спрэчкі на тэму “Ці павінна беларуская мова абавязкова прысутнічаць у “інфармацыі аб таварах і паслугах?” перайшла на новы ўзровень ― збор подпісаў пад петыцыямі ў Палату прадстаўнікоў і прэзідэнцкую адміністрацыю. Сэнс у тым, каб вытворцаў абавязалі выкарыстоўваць абедзве дзяржаўныя мовы.

Дзеючы закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” дазваляе вытворцам выбіраць, якой мовай карыстацца: рускай альбо беларускай.

Актывісты прапануюць змяніць тэкст закона такім чынам, каб інфармацыя спажыўцам падавалася “на рускай і беларускай мовах”. Як стала вядома Еўрарадыё, у міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю нічога змяняць у законапраекце не будуць.                                 

“Мы кіруемся законам “Аб мовах”, дзе ўказана, што гэта можа быць альбо руская, альбо беларуская мова. Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся на пасяджэнні працоўнай групы пры Нацыянальным цэнтры прававых даследаванняў. І не была падтрыманая ініцыятыва (каб былі руская і беларускія мовы на этыкетках – Еўрарадыё). Потым гэта абмяркоўвалася на грамадска-кансультацыйным савеце пры нашым міністэрстве. І там гэта прапанова таксама не была падтрыманая. Адпаведна, у такім выглядзе гэты праект пайшоў далей”, ― тлумачаць Еўрарадыё ў прэс-службе міністэрства.

Гэта азначае, што з міністэрства законапраект перадалі ў Саўмін, а адтуль ён прыйдзе ў парламент ― на разгляд дэпутатаў.

На думку дэпутата Алены Анісім, калі руская і беларуская мовы ў нас роўныя, то гэта павінна быць заканадаўча замацавана. Адпаведна, калі распрацаваны Мінгандлю законапраект будзе разглядацца ў парламенце, то яна ўнясе прапанову пра размяшчэнне інфармацыі на ўпакоўку на беларускай і рускай мове. Але дэпутат прапануе глядзець шырэй.

“Каб гэта стала рэальнасцю і каб кожны разумеў, што гэта не проста маральны абавязак, але яшчэ і надзённая патрэба, то ва ўсіх законах, якія датычаць інфармацыі, павінна быць прапісана: “Інфармацыя змяшчаецца на дзяржаўных беларускай і рускай мовах”. Гэта роўнасць абвешчаная, павінна быць заканадаўча замацаваная і праведзеная скрупулёзна праз усе заканадаўчыя акты”, ― сцвярджае Анісім.

Менавіта таму дэпутат ужо ўнесла датычныя мовы праўкі ў законапраекты “Аб дзяржаўных закупках” і “Аб бяспецы прадуктовай сыравіны і харчовых прадуктаў”. У першы законапраект прапанавала дадаць, што “дамовы аб дзяржаўных закупках афармляюцца на беларускай і рускай мовах”, у другі, што “інфармацыя аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктах павінна ўтрымлівацца ў суправаджальных дакументах, на ўпакоўках, этыкетках альбо даводзіцца да ведама насельніцтва на рускай і беларускай мовах”.

Добра, але як змагацца з аргументам вытворцаў, што дадатак на ўпакоўку беларускай мовы вядзе да павелічэння выдаткаў і падаражання прадукцыі? Анісім рыхтуе свае аргументы. Да прыкладу, лічбы ад замежных вытворцаў, якія сцвярджаюць, што выкарыстанне імі беларускай мовы павялічыла продажы ў краіне. Ну, і яшчэ адзін момант.

“Недаацэнка беларускай мовы прыводзіць да таго, што з’яўляюцца падробкі беларускіх тавараў у Расіі. Прычым, яны выкарыстоўваюць акурат-такі беларускую мову. І такім чынам пад выглядам нашых брэндаў з’яўляецца прадукцыя іншых вытворцаў. Калі б нашы вытворцы зразумелі, што пісьменнай беларускай мовай яны абараняюць сваю прадукцыю, то, думаю, іх стаўленне змянілася б да гэтага пытання”, ― лічыць дэпутат.

Насамрэч, ужо дастаткова шмат вытворцаў выкарыстоўваюць беларускую мовы. Да прыкладу, піўная кампанія “Аліварыя”. Прадстаўнік кампаніі Ала Ляцяга гаворыць, што выкарыстанне беларускай мовы было натуральным. Тым не менш, на Аліварыі з разуменнем ставяцца да перасцярог іншых з нагоды абавязковага выкарыстання двух моў на ўпакоўцы.

“Мы з насцярожанасцю ставімся да ініцыятыў, якія накладваюць нейкія прымусовыя абавязкі на вытворцаў. Справа ў тым, што памеры этыкетак на прадуктах абмежаваныя, а патрабаванняў да зместу этыкеткі вельмі шмат, таму не бачу нічога дрэннага ў тым, каб пакінуць гэта на выбар вытворцаў”, ― кажа Ала Ляцяга.

У сваю чаргу Алена Анісім упэўненая, што вытворцы павінныя “ўмець працаваць на рынку ў тым ліку і як грамадзяне Беларусі, а не толькі як людзі, якія імкнуцца атрымаць звышпрыбытак”. 

Фота Еўрарадыё

Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі