Андрэй Шорац паабяцаў, што ў чацвер дрэвы ў Катоўцы секчы не будуць

Андрэй Шорац паабяцаў, што ў чацвер дрэвы ў Катоўцы секчы не будуць

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац паабяцаў, што заўтра дрэвы ў Катоўцы секчы не будуць. 7 снежня ён сустрэўся з ініцыятыўнай групай жыхароў Сельгаспасёлка, якія разам з эколагамі абараняюць сквер. У сераду там абвастрылася сітуацыя, рабочыя разганялі абаронцаў (гл. відэа).

Як паведаміў БелаПАН чалец ініцыятыўнай групы Віктар Барташэвіч, Шорац замест запланаваных 15 хвілін размаўляў з людзьмі каля дзвюх гадзінаў. Кіраўніку сталіцы распавялі пра сённяшнія сутычкі ў скверы, дзе запланаванае будаўніцтва касцёла, пра пашкоджанні, якія атрымалі некаторыя мінчукі падчас барацьбы з супрацоўнікамі "Зелянбуду" і "Гаррамаўтадора". Барташэвіча здзівіла, што "ў Шорца гэтая інфармацыя не выклікала ніякай чалавечай рэакцыі".

Юрыст экалагічнага таварыства "Зялёная сетка" Марына Дубіна паведаміла на сустрэчы, што ім адмоўлена ў грамадскай экалагічнай экспертызе карэктыроўкі плана дэталёвага планавання Сельгаспасёлка. Прысутныя чыноўнікі і архітэктар абаранялі свой праект.

Адзінае, чаго дамаглася ініцыятыўная група, гэта тое, што Андрэй Шорац паабяцаў "узяць тайм-аўт". У чацвер у скверы ніхто працаваць не будзе. Ён жа зоймецца вывучэннем дакументаў. Калі гаворка зайшла пра тое, што ў сераду работы ў скверы былі спыненыя, нібыта, пасля тэлефанавання з Адміністрацыі прэзідэнта, Шорац (па словах Барташэвіча) адказаў, што калі б такое даручэнне было, ён бы першы пра гэта даведаўся.

Мясцовыя актывісты і эколагі лічаць, што пабудова касцёла ў скверы Катоўка, у зялёнай зоне — парушэнне рэгламента генплана. Яны сабралі больш за 500 подпісаў пад зваротам супраць будаўніцтва і пад заклікам да забудоўшчыкаў шукаць альтэрнатыўныя пляцоўкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі