Андрэй Маркуц: Музыкі не павінны прыкідвацца, што іх нічога не хвалюе!

Адзін са стваральнікаў вядомага ў пачатку 2000-х праекта Neo, гітарыст гурта Handmade і каманды "Атлантыка", аўтар першага беларускага альбома, запісанага з сімфанічным праектам — усё гэта пра яго. Андрэй Маркуц прыйшоў у студыю Еўрарадыё, каб расказаць пра свой галоўны на сённяшні дзень праект — Markuts band.

Еўрарадыё: Раскажы, як з'явіўся Markuts band і што з ім адбываецца цяпер?

Андрэй Маркуц: Markuts band — калектыў, які плаўна перацёк з гурта Neo. Недзе праз пару гадоў пасля таго, як мы разышліся з вакалістам і сааўтарам песень гурта Neo Вадзімам Касалапавым, я сабраў новы склад і пачаў сам выступаць. Але толькі праз 7 гадоў я сабраў каманду аднадумцаў. Цяпер у нашым рэпертуары каля 25 песень. Фармат — ад хардрока да лірычных балад. Тэксты я таксама імкнуся пісаць сам. 

Еўрарадыё: Які ён, новы склад музыкаў?

Андрэй Маркуц: Было шмат музыкаў. З апошнім складам групы Neo мы разышліся, таму што не змаглі перажыць цяжкія часы разам — трэба было недзе зарабляць грошы. І за гэты час я зразумеў, што самае галоўнае пры выбары складу — гэта не прафесійныя дадзеныя ўдзельнікаў, а чалавечыя. Наколькі прыемна табе з гэтым чалавекам кантактаваць, наколькі ён будзе шчыры з табой. Таму працэс зацягнуўся так надоўга.

Цяпер склад Markuts band — гэта Мікалай Чаравака (ударныя), Дзмітрый Буры (бас-гітара), Вадзім Сцепановіч (гітара, бэк-вакал), Уладзімір Пыльчанка (клавішы, бэк-вакал). Цяпер у нас такі касцяк, і я спадзяюся, што нас ніхто не пасварыць. 

Еўрарадыё: Што цябе натхніла на запіс праекта "Дзікае Паляванне" з сімфанічным аркестрам? Які, дарэчы, быў першым у гісторыі беларускай рок-музыкі.

Андрэй Маркуц: На жаль, у свой час гэта не выклікала ніякага рэзанансу. Гэта прайшло наогул непрыкметна. Тады я вельмі настроіўся супраць усіх гэтых прэмій і мерапрыемстваў. У мяне засталося ўражанне, што гэтыя людзі варацца ва ўласным соку, і іх не цікавіць, што робіцца вакол. "Дзікае паляванне" — гэта першая праца ў сваім родзе. Андрэй Зубрыч напісаў каласальныя аркестравыя аранжыроўкі да гэтага праекту.

Ідэя напісання гэтага матэрыялу нарадзілася ў Аляксандра Варламава ў часы "Млына моды". "Дзікае паляванне" — гэта паляванне за чалавечымі заганамі. Была створаная цэлая канцэпцыя! У гэтым праекце я выступіў у якасці кампазітара. Дзіўна, што ўсё гэта сышло ў нейкай андэграўнд. Я ўвесь час нашу ў галаве ідэю, каб перапісаць гэты альбом у ідэальным якасці — перазвесці і зрабіць новы майстарынг.

Еўрарадыё: Чым цяпер жыве Markuts band?

Андрэй Маркуц: Цяпер у нас ідзе такая чорная праца, мы сыгрываемся, шмат рэпетуем. Не так даўно мы знялі кліп на песню "Гарантировано". Хутка гэтая кампазіцыя выйдзе ў выглядзе сінгла. 

Еўрарадыё: А як ідуць справы з лонгплэем? Або пакуль аддаяце прэрагатыву канцэртам?

Андрэй Маркуц: На дадзены момант у нашых планах — адыграць як мага больш канцэртаў у розных гарадах Беларусі. Мы задаліся мэтай праехаць па самых міні-пляцоўках. Мне хочацца сысці са сталіцы ў абласныя цэнтры і пачаць прыцягваць новую аўдыторыю. Зноў жа, хацелася б нагадаць і пра гурт Neo, самыя лепшыя ўзоры з творчасці якога мы выконваем на канцэртах.

Мы вельмі сур'ёзна падышлі да працы над альбомам. Хочацца зрабіць усё без зніжак на краіну. Таму, хутчэй за ўсё, гэта будзе не вельмі хутка.

Тым часам у мяне выйшаў альбом інструментальнай музыкі “Мой инструментальный альбом”. У яго ўвайшлі 8 кампазіцый, над якімі я працаваў сам — асвойваў бас-гітару, усё запісваў сам. 

Еўрарадыё: У якім накірунку рухаецца Markuts band?

Андрэй Маркуц: Калі абагульніць, гэта будзе рок-музыка з ярка выяўленай мелодыяй. Тэкставай нагрузкі будзе не шмат — тэкст заўсёды быў для мяне на другім месцы. Але пры гэтым я ніколі не любіў дурныя і "салодкія" тэксты. Не люблю шаблонаў і штампаў. Часам менавіта з-за тэкстаў доўга нараджаецца песня. Хоць я знаёмы са многімі музыкамі, якія не затлумляцца над гэтым, і потым атрымліваюцца тэксты накшталт: "Дзяўчынка ў трамваі едзе, можа, мне з ёй штосьці свеціць".

У рэпертуары Markuts band ёсць і хард-рокавыя кампазіцыі, і зусім слёзатачывыя балады. Будзе і пара фарматных поп-рок-песень, як у часы Neo. Атрымаецца такі "light and hard" альбом. Я не раблю гэтага адмыслова — кампазіцыі такімі нараджаюцца. Пасля чарговай прыдуманай песні хочацца рабіць зусім іншую.

Еўрарадыё: З напаўненнем разабраліся, а якім будзе назва дэбютнага дыска?

Андрэй Маркуц: Калісьці ў ліцэі БДУ, дзе я працую, выступаў адзін беларускі чыноўнік. І мне так не спадабаўся ён сам і тое, што ён казаў. А паколькі я часам малюю, я намаляваў такі партрэт — чалавечае цела з галавой ці то чорта, ці то кракадзіла. І пад гэтым партрэтам мне захацелася напісаць "Культ асобы". Мне здаецца, у наш час само паняцце "свабоды асобы" раздушанае, амаль адсутнічае. Таму не "Культ асобы" ў значэнні аднаго чалавека над усімі, а пра свабоду асобы. 

Еўрарадыё: У беларускай музычнай тусоўцы цябе называюць наватарам і стваральнікам інтэлектуальнай музыкі. Сам што з гэтай нагоды думаеш?

Андрэй Маркуц: У рок-музыцы складаней з інавацыямі. Хоць у многіх атрымліваецца, я сачу за рознымі музыкамі. Але сябе да наватара не адношу.

Еўрарадыё: Ці гатовыя слухачы ў Беларусі ўспрымаць інтэлектуальную музыку? І які камерцыйны бок у твайго праекта?

Андрэй Маркуц: У нас будзе і парачка дурных песень! (смяецца) Музыка павінна прыносіць задавальненне, людзі адпачываюць за кошт праслухоўвання кампазіцый. Таму гэта такая звышзадача — ствараць музыку, каб чалавек і адпачываў, і мог задумацца, прыслухацца. Натуральна, хочацца рабіць такую музыку, каб цябе слухалі і праз 10, і праз 20 гадоў і сказалі пры гэтым: "Выдатна"!

Еўрарадыё: На сённяшні дзень у колькіх праектах ты бярэш удзел?

Андрэй Маркуц: Вядома, прыярытэты я аддаю тым праектам, дзе больш маёй музыкі. На сённяшні дзень — гэта Markuts band і гурт Handmade, дзе ёсць парачка маіх кампазіцый, якія вельмі цікава ўпісаліся ў праект.

Ёсць яшчэ вельмі цікавы рускамоўны праект Taho, які, на жаль, цяпер часова прыпыніўся. Ёсць яшчэ адзін "сакрэтны" праект з маім прыяцелем з Масквы — зусім хутка ён павінен "засвяціцца" і ў Мінску.

Еўрарадыё: Калі азірнуцца назад, ці шкадуеш пра распад гурта Neo?

Андрэй Маркуц: Я вельмі моцна шкадаваў пра гэта тады. На жаль, на гэтым разрыве нават грошы хацелі зрабіць. У гурта былі добрыя перспектывы, гэтая музыка была любімая — да гэтага часу многія ўзгадваюць. Я ведаю, што атачэнне Вадзіма Касалапава думае, што я вінаваты ў тым, што гурт распаўся. Хоць калі казаць па-простаму, наўрад ці мы змаглі б дамовіцца.

Мне шмат чаго не падабалася ў дачыненні да музыкі і працы, збіралася, як снежны ком. І на адным з канцэртаў гэтая чаша перапоўнілася. Гэта быў канцэрт у Палацы спорту разам з вядомымі расійскімі рок-гуртамі. Вадзім дазволіў сабе выпіць гарэлкі перад канцэртам і спяваць "побач" з танальнасцю, зусім не трапляючы. Мой выкладчык па вакале спытаў: "І што, іншыя музыкі яму не перашкаджалі?" Мне хацелася ад сораму праваліцца пад сцэну. Я проста сышоў. Вадзім узяў сабе назву гурта, і яшчэ год-два працягваў выступаць. Гэта голыя факты. Вось і судзіце, з-за каго ўсё развалілася.

Еўрарадыё: Цяпер вы не падтрымліваеце адносіны?

Андрэй Маркуц: Творча, вядома, не. У нас проста прыяцельскія адносіны. Некалькі разоў была такая размова, каб вярнуць гурт. Але я ведаю, што ў выніку ўсё адно наступлю на тыя ж граблі, толькі гэта будзе значна больш балюча. 

Еўрарадыё: Ці сочыш ты за беларускай музычнай прасторай, і калі табе было цікавей граць музыку — тады, на пачатку, або цяпер?

Андрэй Маркуц: Аднолькава цікава і цяпер і тады. Вядома, я сачу. Беларусь наогул поўная таленавітымі людзьмі ва ўсіх сферах. На жаль, альбо яны самі сябе губяць, альбо іх прасуюць. Поўна цікавых калектываў, і цяпер складаней канкураваць. У свой час Neo былі аднымі з адзінак, хто ішоў у гэтым накірунку.

Цяпер з'явілася шмат цікавых беларускамоўных гуртоў. Я не спяваю на беларускай, таму што разумею, што ў мяне не атрымаецца рабіць гэта добра. Я не хачу псаваць прыгожую беларускую мову. Прызнаюся, у маім рэпертуары ёсць пару англамоўных тэкстаў.

Цяпер, пры ўсёй маёй нібыта вядомасці, мне таксама даводзіцца пачынаць з нуля, і рабіць гэта значна складаней. Калісьці былі вялікія пляцоўкі, вядомасць — так. А цяпер трэба разумець, што цябе ніхто не ведае, і трэба проста роўна, сціснуўшы зубы, ісці наперад.

Еўрарадыё: Што з часам змяняецца вакол і ці павінны ў гэтым кантэксце змяняцца музыкі?

Андрэй Маркуц: Музыкі ў першую чаргу павінны быць шчырымі. Як і ўсе звычайныя людзі, музыкі не павінны хаваць галаву ў пясок, прыкідвацца, што іх нічога не хвалюе. Так не бывае! Гэта самападман. Калі паглядзець на культавых заходніх музыкаў, яны заўсёды наперадзе нейкіх палітычных момантаў.

Мне здаецца, у наш час правільна заставацца неабыякавым. А калі ўсё перажытае выліваецца ў тэксты — гэта, напэўна, шчырасць і ёсць.

Еўрарадыё: Як ты паставіўся да тых "рэформ", якія адбыліся з гуртом "Ляпіс Трубяцкой"?

Андрэй Маркуц: На жаль, гэта не мае дачынення да музыкі. Хочацца таргануць Міхалка і сказаць: "Ты ў першую чаргу музыка! Ты не баксёр і не яшчэ хтосьці там! "Адпаведна, трэба займацца музыкай. У яго чым далей — тым менш музыкі. А павінна быць наадварот.

Еўрарадыё: Ці плануеш застацца тут ці ўсё ж пашукаць шчасця за мяжой?

Андрэй Маркуц: Любы нармальны музыка хоча, каб яго музыку пачула як мага больш людзей. Я не планую з'язджаць адмыслова. Паглядзім, як пойдзе.

Фота: з архіваў Андрэя Маркуца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі