Андрэй Халадзінскі: Радыёстанцыі яшчэ жывуць, але без былога энтузіязму

У жніўні 2004 года ў Беларусі прынялі норму, якая прымушае ў тэле- і радыё эфіры круціць не менш за 75% беларускіх выканаўцаў. Новаўвядзенне запрацавала з 1 студзеня 2005 года. Еўрарадыё звярнулася ў Міністэрства інфармацыі, якое і распрацоўвала нормы, каб распытаць пра вынікі “дзесяцігодкі”.

Еўрарадыё: На днях спаўняецца 10 гадоў норме пра 75%…

Кіраўнік упраўлення электронных СМІ Уладзімір Ядранцаў: Адкуль вы ведаеце?

Еўрарадыё: Ну, гэта не складана падлічыць!

Уладзімір Ядранцаў: І што?

Еўрарадыё: Хацелася б запытацца пра вынікі, так бы мовіць, дзесяцігодкі! Першапачаткова мэтай гэтай нормы была папулярызацыя беларускай музыкі…

Уладзімір Ядранцаў: І што? І які сэнс? Ведаеце, гэта не тэма для размовы і для эфіру тым больш! У нас на сённяшні дзень усе радыёстанцыі, у тым ліку, і прыватныя, выконваюць дадзенае даручэнне ў поўнай меры. Калі нехта не выконвае… я не памятаю, каб за апошнія некалькі гадоў былі нейкія прадпісанні за невыкананне нейкай радыёстанцыяй гэтага даручэння. Таму які вынік? Трэба працаваць і ўсё! Мы жывем і працуем у Рэспубліцы Беларусь, таму будзьце ласкавыя! Паедзьце паглядзіце ў той жа Францыі, колькі працэнтаў, там увогуле 100!

Еўрарадыё: Але мне усё адно, колькі ў Францыі, я не пра гэта пытаюся!

Уладзімір Ядранцаў: Казаць пра 75% няма сэнсу. Сёння існуе такое патрабаванне, і не наракае ні адна радыёстанцыя! Не наракае абсалютна! Бо ведаюць, што працуюць у суверэннай дзяржаве, маленькай але ганарлівай краіне! Прабачце, у мяне людзі, не магу больш размаўляць.

З такім жа пытаннем мы звярнуліся і ў Міністэрства культуры, чыім падначаленым ў 2004 годзе і мусіў дапамагаць развівацца новы закон. Але за суткі пакуль рыхтаваўся матэрыял, там так і не здолелі знайсці чалавека, які б здолеў паразважаць на тэму. Але раней міністэрства не раз заяўляла пра павелічэнне попыту на беларускіх артыстаў, паляпшэнне запаўняльнасці залаў і павялічэнне коштаў на квіткі.

А вось прадстаўнікі радыёстанцый не так вясёлкава ўспрымаюць 75-адсоткавае абмежаванне ў эфіры.

“Ведаеце, калі я пачну адказваць на гэтае пытанне, то буду казаць шмат непрыемных слоў, — прызнаюцца на “Мелодыях века”. — А мне б гэтага не хацелася! Так што, прабачце!”

Музычны рэдактар “Радио-Рокс” (станцыі, якая пасля ўвядзення закона, змяніла рок-фармат на шансон) Іна Васільева ўвогуле палічыла абмеркаванне вынікаў “дзесяцігодкі” з 75% беларускай музыкі ў эфіры глупствам і паклала трубку. У прынцыпе, такая рэакцыя была і на іншых сталічных радыёстанцыях.

Першы DJ FM-эфіру Беларусі, музычны-рэдактар з вялікім стажам, чалавек-энцыклапедыя, які па першых акордах называе любую музычную кампазіцыю, Андрэй Халадзінскі, успрымае пытанне з усмешкай:

“Да чаго гэты закон прывядзе было зразумела яшчэ тады, 10 гадоў таму! Прагнозы цалкам апраўдаліся. Радыёстанцыі яшчэ жывуць, але без былога энтузіязму і без той зацікаўленасці слухачоў. На жаль, сказаць, каб гэты закон неяк моцна камусьці з выканаўцаў дапамог раскруціцца… Хіба толькі Максу Каржу! І тое, збольшага таму, што радыёстанцыі яго амаль не круцяць!) Гэты закон быў бы апраўданы, каб нам трэба было змагацца за сваё, але ў нас і да ўвядзення 75%, калі ў беларускіх выканаўцаў былі якасныя песні, з задавальненнем ставілі ў эфір”.

Адзіным магчымым плюсам увядзення 75% абмежавання ў эфіры Андрэй Халадзінскі называе развіццё розных інтэрнэт-станцый, патокаў ды распаўсюджання музыкі. Таму святкаваць дзесяцігоддзе нормы пра 75%, як выдатнай з’явы, ніхто не збіраецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі