Амерыканскі адвакат Зэльцэр можа знаходзіцца ў "амерыканцы" КДБ

Следчае ўпраўленне КДБ вядзе справу амерыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які быў затрыманы 12 сакавіка ў мінскім аэрапорце, прыляцеўшы з Лондана.
Аднак у беларускіх праваахоўных установах дагэтуль не даюць інфармацыі пра яго затрыманне.

Нагадаем, Зэльцэр з'яўляецца вядомым экспэртам у справах барацьбы з адмываннем грошай. Пэўны час таму ён рабіў паслугі Паўлу Барадзіну, цяперашняму выканаўчаму сакратару "саюзнай дзяржавы" Беларусі і Расіі.

Паводле некаторых звестак, затрыманне Эмануіла Зэльцэра ў Мінску неяк звязана з паслугамі, якія той рабіў кліентам з Расіі. У Беларусь ён прыехаў упершыню. Вядома, што Зэльцэр прадстаўляе ў нашай краіне інтарэсы аднаго са сваіх кліентаў.

Разам з Зэльцэрам была затрыманая яго сакратарка - Уладлена Функ, якая мае грамадзянства Расіі, але жыве і працуе ў ЗША. Дзявочае прозвішча Уладлены Функ — Блузкова. У амбасадзе Расіі ў Беларусі Радыё Свабода паведамілі, што яна знаходзіцца ў ізалятары КДБ - "амерыканцы". Праўдападобна, там жа ўтрымліваюць і амерыканскага адваката.

Фота - Lenta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі