Аляксандр Лукашэнка: Я прыхільнік Еўрапейскага саюза

Аляксандр Лукашэнка: Я прыхільнік Еўрапейскага саюза

Беларусь заўсёды будзе працаваць на аб'яднанне і стабільнасць у Еўропе. З такой заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў 15 сакавіка на сустрэчы з намеснікам прэм'ер-міністра, міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Бельгіі Дзідзье Рэйндэрсам. Пры гэтым беларускі кіраўнік назваў Еўрасаюз імперыяй. 

"Ваш візіт знакавы, і ад яго вельмі многае залежыць. Не толькі ў нашых двухбаковых адносінах, але і ў нашых адносінах з вашай імперыяй (Еўрапейскім саюзам). Я магу вам гарантаваць: вы заўсёды ў нашай асобе будзеце бачыць краіну, якая будзе працаваць на аб'яднанне, на стабільнасць у Еўропе. Мы і ў цяжкія часы вам праблем не стваралі, і ў будучыні ніколі гэтых праблем не створым", — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён назваў ЕС адной з апораў свету — разам з Кітаем і Злучанымі Штатамі Амерыкі. "Еўрапейскі саюз — гэта магутная апора для планеты, калі яна знікне — быць бядзе. Таму ўсе вашы "брекзіты" і нацыяналістычныя рухі я не ўспрымаю. Чаго б ні каштавала, Еўрапейскі саюз трэба захаваць. Гэта не мая асабістая пазіцыя (хоць і асабістая), гэтая пазіцыя зыходзіць з міжнародных дзяржаўных інтарэсаў. Чым больш апор, тым больш устойлівая сістэма. Таму я прыхільнік Еўрапейскага саюза", — растлумачыў беларускі кіраўнік сваё бачанне макрапалітыкі.

Разам з тым Лукашэнка чарговы раз мякка папракнуў ЕС у двайных стандартах. Ён выказаў жаданне, каб Еўрасаюз сам адпавядаў сваім абвешчаным прынцыпам: сумленнасць, прыстойнасць, дэмакратычнасць. "Калі б вы ўважліва паглядзелі на Беларусь, то ўбачылі б тут і правы чалавека, і дэмакратыю, і парадак, і бяспеку для людзей. Мы таксама не без недахопаў, як і вы. Але трэба размаўляць, трэба быць бліжэй адзін да аднаго", — заклікаў беларускі кіраўнік. 

У дадатак ён заклікаў бельгійскі бок рабіць інвестыцыі ў Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі