Алоўкі для Канстытуцыйнага суда набывае... Упраўленне справамі прэзідэнта

Штогод у лютым Цэнтр культуры “Віцебск” абвяшчае тэндар на закупку паслуг перавозкі і пражывання гасцей фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. І нават ганарар Кіркорава з Ланской — праз тэндар.

Таму мы ведаем, што ў 2013 годзе на праезд і пражыванне гасцей пайшло болей за 1,3 мільярда рублёў, ці 154 тысячы долараў. Тэндар абвясцілі ў лютым. Апошнія дні мая 2015 года, а тэндараў Славянскага базару няма! А квіткі на Меладзэ і Валерыю ўжо ў продажы.

“Я не буду каментаваць гэтую сітуацыю. Падрыхтоўка ідзе ў нас з верасня! А калі няма тэндару, значыць, не прыйшоў час. Ніякіх інтэрв’ю я вам не дам — мы ўсё робім згодна з заканадаўствам”, — кажа Еўрарадыё першы намеснік генеральнага дырэктара культурнага цэнтра “Віцебск” Алена Серабракова.

Вось старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прэзентуе новы сайт — сайт будзе прысвечаны выбарам, яго запусцяць напярэдадні кампаніі, недзе ў сярэдзіне жніўня. Але тэндару на новы інфармацыйны інтэрнэт-рэсурс таксама няма. Хоць звычайна дзяржустановы пакідаюць заяўкі нават на рэбрэдынг старых сайтаў. Да прыкладу, распрацоўка новага сайта прэзідэнцкай бібліятэкі каштуе 158 мільёнаў рублёў.

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік тлумачыць Еўрарадыё, што сайт для прэзідэнцкіх выбараў-2015 не новы, а стары. Але да выбараў яго адновяць.

“Не аб’яўлялі дзяржзакупку, бо праз сайт мо было б даражэй, гэта ж аўкцыён! — разважае Мікалай Лазавік. Замест гэтага Цэнтрвыбаркам заключыў дамову наўпрост. —  Заключылі дамову з “Белтэлекамам” — гэта яго сайт, ён яго адновіць, так сказаць, страсе пыл. Гэта каштуе 3-4 мільёны рублёў”.

Нацыянальны сход тэндараў не мае — ні будучых, ні ў мінулым. Уражанне, што дэпутаты парламента святыя і нават ручкі носяць на працу свае. А таксама паперкі, мэблю і ездзяць выключна на грамадскім транспарце — эканомяць паліва.

“Нам алоўкі і ўсё, што трэба, набывае Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Упраўлення справамі прэзідэнта, здаецца”, — кажуць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Але на сайце дзяржзакупак няма ніякіх закупак ад імені ўпраўлення для Нацыянальнага сходу — дакладна святыя!

Нічога не набывае для сябе прэзідэнт, няма ніякіх тэндараў у Канстытуцыйнага суда — і не было ў мінулым. І гэта ў той час, як Вярхоўны суд абвяшчае 159 тэндараў — рамонт, закупка прынтараў, сканераў, выдаткі на канцтавары!

У Канстытуцыйным судзе кажуць, што тэндары на закупку паперы не абвяшчаюць, бо закупкі ў іх вельмі маленькія. Таму цэнтралізавана асадкі набываюцца праз… Упраўленне справамі прэзідэнта.

“Колькі нам тых папер ды ручак трэба. Цяпер нават скаргі прыходзяць па электронцы. Набылі 30 ручак і стрыжняў і хопіць, — кажуць Еўрарадыё ў судзе. — А дакументазварот мы ўвогуле вядзем электронны — да нас нават па макулатуру не звяртаюцца, бо няма папер”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі