Аліневіч: За гады ў лагеры выпрацавалася звычка не спадзявацца

Палітвязня Ігара Аліневіча, якога асудзілі па справе анархістаў у 2011 годзе, сустракаем дома адразу пасля вызвалення. Родныя і паплечнікі Ігара да гэтага сустракалі Мікалая Статкевіча і размінуліся з Аліневічам на аўтавакзале, спазніліся да прыходу аўтобуса ўсяго на некалькі хвілін. Таму дабіраўся ён дадому самастойна, без кветак і шматлікіх інтэрв'ю на пероне. Дома Ігара чакае невялічкі святочны стол і сваякі: маці, сястра з пляменнікамі і тата.

Ігар Аліневіч

Еўрарадыё: Ігар, як ты даведаўся пра вызваленне?

Ігар Аліневіч: Я ляжаў на нарах, чытаў Эрыка Бёрна. Гэта кніга па псіхааналізе. Тады сказалі, што прыйшлі аператыўнікі і хочуць тэрмінова мяне бачыць. Дагэтуль некалькі дзён я чакаў, што мяне праз два-тры месяцы павязуць у ПКТ (памяшканне камернага тыпу, унутраная турма зоны для парушальнікаў, ― заўв. Еўрарадыё), а пасля ў крытую турму. На фоне новых арыштаў па палітычных матывах я чакаў, што ніякага вызвалення не будзе, а будзе толькі папаўненне спісу палітвязняў. За некалькі гадоў у лагеры ўжо выпрацавалася звычка не спадзявацца.

Еўрарадыё: Хоць нейкім чынам пра вызваленне паведамілі?

Ігар Аліневіч: Не было ніякай абвесткі. На ўсе пытанні адказвалі маўчаннем. Ніхто не ведаў, куды мяне вядуць. Варыянтаў было шмат: апроч ПКТ маглі перавесці ў іншы лагер з-за апошняга артыкула, які я напісаў пра пенітэнцыярную сістэму. Да апошняга моманту пакуль мяне не вывелі і не агучылі акт пра памілаванне, я не ведаў, куды накіроўваюся.

Еўрарадыё: Напярэдадні, можа, прапаноўвалі падпісаць нейкую паперу пра памілаванне?

Ігар Аліневіч: Апошні раз напісаць пра памілаванне прапаноўвалі восенню мінулага года, і тое нейкім намёкам. Я адмовіўся, і болей не прапаноўвалі.

Еўрарадыё: Як цябе везлі?

Ігар Аліневіч: Мяне давезлі да аўтавакзала, не выпускалі, пакуль не прыйшоў аўтобус. Там яшчэ былі супрацоўнікі ДВП (дэпартамент выканання пакаранняў, ― заўв. Еўрарадыё), яны перасадзілі мяне ў аўтобус Мінск-Віцебск і ён паехаў у Мінск.

Еўрарадыё: Чым ты зоймешся ў першыя дні на волі?

Ігар Аліневіч: Найперш я правяду час са сваёй сям’ёй і блізкімі людзьмі, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі маю сям’ю і сталі фактычна яе часткай.

Ігар Аліневіч разам з татай, мамай і сястрой

Ігара Аліневіча асудзілі па справе анархістаў у 2011 годзе на восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У віну яму паставілі закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі амбасады Расіі, удзел у акцыі каля Генштаба ўзброеных сіл Беларусі, закідванне фаерамі казіно "Шангры Ла" ў Мінску і іншыя эпізоды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі