Альфер: Імавернасць прызнання выбараў-2015 місіяй БДІПЧ вельмі вялікая

Еўрарадыё: Асноўная прэтэнзія міжнародных назіральнікаў да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года — непразрыстая сістэма падліку галасоў. Калі сёлета такая магчымасць у назіральнікаў будзе, то ці можна спадзявацца на прызнанне выбараў “свабоднымі і справядлівымі”?

Сяргей Альфер: Калі не кранаць падзей Плошчы, то апроч гэтай была прэтэнзія ў назіральнікаў і наконт няроўных магчымасцяў падчас правядзення выбарчай кампаніі. Але так, немагчымасць назіраць за працэсам падліку галасоў — галоўная прэтэнзія. Цяпер уявім, што такая магчымасць у назіральнікаў з’явілася і яны бачаць, як ідзе падлік у выбарчых камісіях. Але справа ў тым, што працэс ад падліку галасоў да падвядзення вынікаў выбараў дастаткова доўгі. І пасля таго як галасы “падлічылі” ў выбарчых камісіях, гэтыя пратаколы пераходзяць у тэрытарыяльную выбарчую камісію. Дзе праходзіць падлік галасоў па ўсіх выбарчых участках гэтай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Потым з гэтых камісій пратаколы дасылаюцца ў Цэнтрвыбаркам, дзе праходзіць падлік галасоў. Пытанне: ці на ўсіх этапах за падлікам можна будзе сачыць?

Яшчэ адзін момант: датэрміновае галасаванне. Яно ўвогуле непразрыста праходзіць. А ёсць яшчэ пытанне неўключэння ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў… альтэрнатыўных поглядаў. Ты не менш мне падаецца, што нават калі будуць такія ж парушэнні, як і ў 2010 годзе, але не будзе гвалту супраць альтэрнатыўных кандыдатаў, выбары будуць прызнаныя.

Еўрарадыё: Гвалту супраць альтэрнатыўных кандыдатаў няма, але ёсць іншае: кіраўнік краіны на час выбарчай кампаніі застаецца на сваёй пасадзе і ў гэтай якасці наведвае прадпрыемствы, ездзіць па рэгіёнах — гэта можа стаць фактарам, за які назіральнікі зачэпяцца, каб не прызнаць выбары?

Сяргей Альфер: Па вялікім рахунку, кіраўнік краіны павінен быў бы пайсці ў адпачынак на час выбараў альбо выкарыстоўваць СМІ такім чынам, каб не было гэтага парушэння. У нас гэтага няма, і таму відавочна, што гэты кандыдат мае магчымасць праводзіць сваю кампанію нашмат актыўней, чым іншыя.

Назіральная місія на самай справе можа шмат што прад’явіць арганізатарам выбараў. Апроч розных магчымасцяў доступу да СМІ — розныя магчымасці па ўключэнні сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Бо вядома, што фармуюць выбарчыя камісіі мясцовыя органы ўлады. Найперш з правераных людзей, з тых, на каго яны маюць уплыў. Таму гэтыя выбарчыя камісіі на 100% залежныя не ад Цэнтрвыбаркама, які імі нібыта кіруе, а ад мясцовых органаў улады. А мясцовыя ўлады праводзяць выбары так, як яны гэта разумеюць, а не так, як ім кажа спадарыня Ярмошына ці яшчэ хто. Без канкрэтнай устаноўкі, як і што рабіць сёлета, мясцовыя ўлады будуць працаваць на выбарах як і раней. Гэта тычыцца і фармавання выбарчых камісій, і падліку галасоў.

Вяртаючыся да пытання пра тое, ці будзе лічыцца факт працоўных паездак кіраўніка краіны падчас выбарчай кампаніі парушэннем, сёння адказаць цяжка. Рашэнне будзе прымацца БДІПЧ АБСЕ з улікам меркавання еўрапейскай дэмакратычнай супольнасці. Адсюль выснова: паколькі гэта пытанне хутчэй палітычнае, то яно наўпрост не звязанае з прававымі ўмовамі правядзення выбарчай кампаніі.

Еўрарадыё: Устаноўка ёсць і гэтых парушэнняў пазбавіліся, але ў краіне па-ранейшаму застаюцца палітвязні — як гэта паўплывае на прызнанне выбараў?

Сяргей Альфер: Зразумела, што пытанне палітвязняў і выбары — розныя моманты. Але гэта амаль адзінае пытанне, звязанае з Беларуссю, якое для Еўропы застаецца нявырашаным. Менавіта таму Еўропа не адмяняе санкцыі: і персанальныя, і эканамічныя. Таму знаходжанне гэтых людзей у турмах можа стаць адной з палітычных падстаў непрызнання гэтых выбараў. Калі выбары будуць праведзеныя як заўжды.

Еўрарадыё: Калі напярэдадні выбараў Мінінфарм заблакуе доступ да сайтаў пэўных незалежных СМІ — гэта будзе ўлічвацца назіральнікамі пры падвядзенні высноў назірання?

Сяргей Альфер: Калі будзе масавая блакіроўка сайтаў, то гэта парушэнне — парушаецца права грамадзян на свабоду атрымання інфармацыі. І гэта назіральнікамі будзе ўлічана. Але мне здаецца, што блакавання сайтаў, нават у невялікай колькасці, падчас выбарчай кампаніі не будзе. А калі і будзе, то блакаваць будуць сайты, створаныя спецыяльна пад выбары. І не кандыдатамі, а нейкімі іншымі структурамі. І калі гэтыя сайты, з пункту гледжання ўлады, могуць нанесці іміджавыя страты.

Ведаеце, не было ніводных выбараў, каб на іх не зафіксавалі хаця б нейкіх дробных парушэнняў. Але місія БДІПЧ АБСЕ ацэньвае выбары, так бы мовіць, агулам: “А ўвогуле атмасфера выбараў дазваляла правесці іх свабодна і справядліва?”, “А вынікі галасавання адпавядаюць волевыяўленню выбаршчыкаў?”. І калі атмасфера выбараў нармальная, а парушэнні не перашкаджалі волевыяўленню выбаршчыкаў, то будзе прызнана, што “выбары былі праведзеныя ў адпаведнасці з крытэрыямі АБСЕ аб свабодных і дэмакратычных выбарах”.

Еўрарадыё: Як адказаць на пытанне “Ці адпавядаюць вынікі галасавання волевыяўленню выбаршчыкаў?”, калі працэдура падліку галасоў не вельмі празрыстая?

Сяргей Альфер: Калі напярэдадні выбараў сацыялогія будзе паказваць, што рэйтынг Лукашэнкі 60-75%, а пасля выбараў будзе ясна, што ён атрымаў перамогу ў першым туры, то тут найхутчэй будзе ісці размова аб прызнанні гэтага выніку. Але сёння кіраўнік краіны, як і падчас шэрагу папярэдніх выбараў, не мае і 50% падтрымкі. Адпаведна, калі вынік галасавання будзе ў межах 50% плюс-мінус вагацца, то перамога ў адзін тур можа нарадзіць пытанні. Але не так, што “гэта дае нам падставы лічыць гэтыя выбары несвабоднымі і несправядлівымі”, а — улічваючы ўсе астатнія фактары кампаніі. І найперш, як я ўжо казаў, атмасфера выбараў.

Еўрарадыё: Сітуацыя, калі кандыдаты ад дэмакратычнай апазіцыі ў апошні момант здымуцца з выбараў, як можа паўплываць на ацэнку выбараў назіральнікамі?

Сяргей Альфер: Да не здымуцца яны! І тут пытанне іншае: “А колькі іх сёлета будзе зарэгістравана?” З пункту гледжання рэальнай магчымасці кандыдатаў па зборы подпісаў я бачу толькі аднаго, апроч Лукашэнкі, кандыдата, які можа назбіраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў. Калі будзе зарэгістравана больш, то ў мяне будзе пэўны сумнеў, што іншых асоб зарэгістравалі на законнай падставе.

Еўрарадыё: Затое гэта пакажа дэмакратычнасць правядзення выбараў і падвысіць шансы на прызнанне выбараў…

Сяргей Альфер: Прызнанне альбо непрызнанне выбараў АБСЕ — гэта такі фетыш у галовах пэўнай часткі нашай дэмакратычнай супольнасці, прэзідэнта, старшыні ЦВК і часткі дзяржаўных чыноўнікаў. Але на самай справе можна абсалютна не звяртаць увагі на прызнанне ці непрызнанне вынікаў выбараў гэтай хай і ўплывовай, але міжнароднай арганізацыяй пад назвай “Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ”. Дарэчы, даю вам гарантыю, што частка міжнародных арганізацый, да прыкладу, ад СНД, прызнае нашы выбары свабоднымі і дэмакратычнымі — яны заўжды прызнаюць. Па выніку атрымліваецца, што нейкія міжнародныя арганізацыі выбары прызналі, нейкія — не, але прэзідэнт і дэ-факта, і дэ-юрэ выбраны. І яго ў якасці прэзідэнта прызнаюць і іншыя краіны, і міжнародная супольнасць. Атрымліваецца, што пытанне прызнання — больш маральнага плану. Маўляў, прызнанне паказвае, наколькі выбары адпавядаюць дэмакратычным рэформам і наколькі само жыццё, сама палітыка ў рэспубліцы дэмакратычныя. Непрызнанне ж сведчыць, што палітычнае кіраўніцтва ўтрымлівае сваю ўладу не зусім законнымі метадамі. І ўсё. Пэўны дыскамфорт гэтае непрызнанне ўладам стварае, але не змяншае легітымнасці органа, які быў абраны падчас гэтых выбараў.

Еўрарадыё: Але ж спіс неўязных у ЕС па выніку выбараў складаўся! Інакш за што туды трапілі старшыні выбарчых камісій, тая ж Лідзія Ярмошына?

Сяргей Альфер: Першы такі спіс з’явіўся пасля выбараў 2006 года і быў дапоўнены пасля выбараў 2010 года. І там, і там уплыў мела Плошча. І ў спіс уносілі асоб, якія ў той ці іншай ступені прывялі да гэтага гвалту супраць людзей. Адпаведна, уносілі ў яго і прадстаўнікоў выбарчых органаў. Але сёлета Плошчы ніводная палітычная сіла не плануе, а ўлада, як мне падаецца, не плануе праводзіць ніякіх сілавых акцый падчас ці пасля выбараў. А ў такім выпадку пытанне аб папаўненні спісу неўязных, незалежна ад таго, будуць выбары прызнаныя ці не, не будзе стаяць. А калі будзе вырашанае пытанне з палітвязнямі, то можа істотна змяніцца і гэтых спіс неўязных у ЕС беларускіх дзяржаўных асоб.

Еўрарадыё: І ўсё ж: выбары праходзяць як і папярэднія, але Плошчы і гвалту над людзьмі няма — якая імавернасць іх прызнання місіяй БДІПЧ АБСЕ?

Сяргей Альфер: Вельмі вялікая. 

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі