Акцыя ля Святога Язэпа адбылася нягледзячы на затрыманні

Акцыя ля касцёла Святога Язэпа ў Мінску адбылася, нягледзячы на затрыманні, паведамляе БелаПАН. Там сабралася каля 20 чалавек. Акцыю вяла актывістка БХД Ірына Губская. Яна заявіла, што ніякія затрыманні не спыняць пікетаванне храма. Ад 16 верасня вернікі збіраюцца каля Святога Язэпа штовечар а 19.00. Сёння да касцёла прыйшоў праваслаўны святар Леанід Акаловіч. З яго словаў, Беларусь здаўна была месцам, дзе ўжываліся розныя канфесіі, таму ён цалкам падтрымлівае патрабаванні наконт перадачы храма вернікам.

Традыцыйна тут выступілі музыканты, прайшла віктарына на веданне гісторыі бернардынцаў у Беларусі. Удзельнікі акцыі выканалі гімн “Магутны Божа” і праз гадзіну разышліся без перашкодаў.

Затрыманыя да пачатку акцыі актывісты, у тым ліку Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, Наста Палажанка і Мікалай Дземідзенка дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС. Што ім інкрымінуюць, невядома. Севярынец паспеў паведаміць, што некаторых моцна збілі. Усяго ж налічваюць да 20 затрыманых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі