Афіцыйныя прафсаюзы абвяшчаюць на 25 сакавіка суботнік у Курапатах

Афіцыйныя прафсаюзы абвяшчаюць на 25 сакавіка суботнік у Курапатах

25 сакавіка ў Курапатах на ўскраіне Мінска адбудзецца суботнік, ці "працоўная акцыя". Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў старшыня афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Па яго словах, афіцыйныя прафсаюзы заклікаюць усіх неабыякавых грамадзян і арганізацыі незалежна ад палітычных прыхільнасцяў ды веравызнання прыняць удзел у гэтай добрай справе. Ён дадаў, што ўжо ідуць заяўкі на ўдзел ад грамадзян і арганізацый.

Таксама Орда паведаміў, што плануецца абвясціць конкурс на стварэнне мемарыяла памяці і смутку ў Курапатах (савецкія карныя органы там расстралялі і пахавалі дзясяткі тысяч нявінных людзей). Конкурс будзе праходзіць адкрыта. Нагадаем, што рашэнне пра помнік у Курапатах было прынятае амаль 30 гадоў таму — яшчэ ў часы БССР. 

Дарэчы, кіраўнік прафсаюзаў не забыўся плюнуць услед абаронцам Курапатаў, якія нядаўна адстаялі мемарыял ад чарговай будоўлі. Орда заявіў: "Нельга на памяці зарабляць сумнеўныя палітычныя дывідэнды, тым больш калі гэтымі правакацыямі карыстаюцца для таго, каб разгайдаць грамадства".

Нагадаем, якраз 25 сакавіка ў Мінску мусіць адбыцца вулічная акцыя, прысвечаная ўгодкам абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці БНР. Сябра ініцыятывы "Эксперты ў абарону Курапатаў" Вацлаў Арэшка ў каментары Радыё Свабода сказаў, што ў ініцыятыве афіцыйных прафсаюзаў ёсць "элемент правакацыі" і спроба раз'яднаць людзей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі