Адкуль у баевікоў на ўсходзе Украіны сучасная зброя?

Некалькі дзён таму кіраўнік украінскага Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук паведаміў, што “асноўная частка дыверсійных груп ГРУ РФ, якія дзейнічаюць на ўсходзе Украіны, атрымала каманду на эксфільтрацыю на тэрыторыю Расіі”. І, нібыта ў пацверджанне, заблакаваныя ў Славянску баевікі некалькі разоў спрабавалі вырвацца з акружэння. Апошняя спроба была імі зробленая раніцай 7 траўня.



Адначасова з’яўляецца інфармацыя пра захопы прарасійскімі тэрарыстамі дзяржаўных будынкаў ў Марыупалі, Луганску, Данецку, Адэсе… У Данецкай вобласці “невядомыя” грамяць рэдакцыю газеты і захопліваюць у палон афіцэраў мясцовага ваенкамата, раздаюць зброю ўсім жадаючым “узяць удзел у іх узброеных правакацыях”. Калі штатным супрацоўнікам расійскага ГРУ загадана вяртацца ў Расію, то хто ўсё гэта робіць? Якая тактыка ў прарасійскіх баевікоў на ўсходзе Украіны?



Сапраўды, пагаджаецца з Тымчуком былы міністр абароны Украіны Аляксандр Кузьмук, штатныя супрацоўнікі ГРУ РФ спрабуюць выйсці з усходніх рэгіёнаў Украіны. Але наўзамен на сцэну выходзяць іншыя “спецыялісты”.



Аляксандр Кузьмук: “Гэта глыбока заканспіраваныя, закансерваваныя, завербаваныя агенты адпаведных спецслужбаў. Якія былі рэанімаваныя і актывізаваныя. Плюс ― на тэрыторыю Украіны даўно праніклі так званыя спецыялісты, якія маюць дакладны план, і яны яго рэалізуюць. Велізарныя грошы ўкладаецца ў гэта, вялізныя грошы плацяць гэтым баявікам. Плюс – крыміналітэт, і вось вам тая карціна, якая сёння ёсць”.



У тактыцы баявікоў былы міністр абароны Украіны разабраўся даволі хутка. І менавіта яна перашкаджае хутка правесці антытэрарыстычную аперацыю.



Аляксандр Кузьмук: “Даўно б яны былі знішчаныя, гэтыя тэрарысты. Але іх асноўная тактыка ― жывы шчыт. Гэта мірныя людзі ― жанчыны і дзеці, якіх ставяць перад сабой і расстрэльваюць тыя войскі, якія бяруць удзел у антытэрарыстычнай аперацыі. Тактыка не новая, яна прымянялася ў Крыме. А мэта Украіны, каб не пацярпелі мірныя жыхары. І таму гэтая аперацыя ідзе вельмі цяжка і павольна, з ахвярамі сярод ваеннаслужачых”.

                                 Аляксандр Кузьмук



Ускладняецца сітуацыя тым, што да ваеннай аперацыі супраць Украіны, сцвярджае суразмоўца Еўрарадыё, Расія рыхтавалася даўно. І гэта дае магчымасць “раскансерваваным” агентам узбройваць крымінальнікаў ды іншых антысацыялаў.



Аляксандр Кузьмук: “Зброя была заўчасна завезеная на тэрыторыю Украіны, размешчаная па складах і выдатна ахоўвалася. У выніку, баявікі сёння маюць у сябе зброю, якая не стаіць на ўзбраенні Узброеных сіл Украіны ды іншых вайсковых фарміраванняў. Яно завезенае звонку. Плюс, тая зброя, што была бяздарна здадзеная (баевікам, ― Еўрарадыё) міліцыяй і Службай бяспекі Украіны. Гэта таксама неабходна прызнаваць і шчыра пра гэта казаць. Таму зброі там шмат!”



Абмяркоўваць найлепшую ў такіх умовах тактыку правядзення антытэрарыстычнай аперацыі, былы міністр абароны адмаўляецца. Адзінае, кажа, што “абыходзіць” жывыя шчыты трэба з дапамогай “кропкавых аперацый”. А вось пытанне з раздадзенай зброяй яшчэ доўга будзе галаўным болем для ўлады.



Аляксандр Кузьмук: “Нават калі ўявіць, што праз гадзіну ўсё завершыцца, усе разыдуцца, мы ж разумеем, што зброя здадзеная не будзе. І яшчэ працяглы час пройдзе, пакуль Украіна разбярэцца з усім, што адбываецца, і ліквідуе наступствы гэтага хаосу”.



Дарэчы, ад сёння на мяжы з Беларуссю, у Валынскай вобласці ўсталёўваюць тры блокпасты. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, там “будуць стаяць праваахоўнікі з аўтаматычнай зброяй а таксама прадстаўнікі грамадскіх фарміраванняў”. Па словах Аляксандра Кузьмука, гэта не азначае, што ўкраінцы чакаюць нападдзення з боку Беларусі. Але “людзям вельмі складана даказаць, што такой пагрозы няма зусім ― яны нават у Закарпацці, дзе няма межаў ні з Расіяй, ні з Беларуссю, будуюць блокпасты”.

Фота: glavcom.ua, topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі