Адбор на “Еўрабачанне”: Песня і голас перамаглі фрыкаў і родную мову

Другі дзень Нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2015" збірае зорак беларускай эстрады: большасць з іх падалі заяўкі на ўдзел у апошні момант, таму і апынуліся ў хвасце праслухоўвання. Сваё рашэнне чарговы раз стаць прэтэндэнтамі на паездку на конкурс артысты тлумачаць па-рознаму.

Напрыклад, Дарыя кажа, што такім чынам спрабуе перамагчы свае страхі і няўпэўненасць і збіраецца ўдзельнічаць да таго часу, пакуль не дасягне выніку, які задаволіць у першую чаргу яе саму.

Спявачку Жанет, якая сёлета выступае на Нацыянальным адборы ў 5 раз, прымусіла прыйсці сюды “незвычайная песня ад шведскіх аўтараў”. А нейтаймаваная Гюнэш пасля двухгадовай паўзы вяртаецца на конкурс пры падтрымцы мужа з песняй-гімнам пра веру ў цуд.

"Еўрабачанне" — непрадказальны конкурс, — лічыць Гюнеш.Я, напрыклад, не магла падумаць, што выйграе Канчыта, бо барадатая жанчына — гэта ўсё ж неяк не прыгожа. Але патэлефанаваў мой бацька і сказаў, што яму спадабалася Канчыта. Для мяне гэта быў шок. Але Канчыта зачапіла шыкоўнай песняй і вакалам, бо мне падаецца, што Еўропе ўсё ж да спадобы больш не шоў, а прыгожая мелодыя і вакал. Вось і ў мяне атрымалася такая прыгожая і шырокая песня".

На тым, што добрая песня заўсёды будзе ў трэндзе, настойвае і старшыня журы беларускага адбору Аляксандр Ціхановіч. На думку народнага артыста, мінулагодняя перамога Канчыты Вурст на "Еўрабачанні" абавязана менавіта песні, а не знешняму выгляду ці еўрапейскай талерантнасці.

"Калі ёсць цудоўны музычны матэрыял, можна апранаць на сябе што заўгодна", — перакананы Аляксандр Рыгоравіч.

Сёлетнія праслухоўванні на "Еўрабачанне-2015" праходзяць у надзвычай дружалюбнай атмасферы. Журы даруе канкурсантам розныя агрэхі, адзінае, просіць уважлівей чытаць правілы адбору. Дарэчы, на правілах "папаліліся" гурты Artefaсt і "Рокаш", якія ў першы дзень адбору хацелі скарыць журы жывым выкананнем сваёй музыкі. Але згодна з рэгламентам конкурсу, музыкі мусяць выступаць "пад мінус". Праўда, каманды не разгубіліся. Artefaсt за ноч прыдумалі шоў і на другі дзень паўсталі ў вобразах спайдэрмэнаў. А гурт "Рокаш" напісаў цэлую фанаграму!

"У нас нечакана атрымалася напісаць песню на 3 хвіліны! А гэта досыць цяжка, бо хочацца ўвесь час разгарнуцца і зрабіць нешта манументальнае. Але ў той жа час фармат 3 хвіліны правярае аўтараў песні на своеасаблівую ўнутраную дысцыпліну, — каментуе прысутнасць на адборы "Рокаша" лідар гурта Лявон Казакоў. Нам было цікава паўдзельнічаць у гэтым конкурсе, таму што, як паказваў досвед мінулых гадоў, вельмі мала тут было і беларускай мовы, і беларускай музыкі. Цяпер сітуацыя змянілася. І я спадзяюся, сёлетні пераможца, які паедзе на "Еўрабачанне", будзе спяваць менавіта па-беларуску, бо настаў ужо час".

Сапраўды, 40 адсоткаў выступоўцаў спяваюць па-беларуску. Раз-пораз на сцэну ўздымаюцца артысты ў строях з беларускімі арнаментамі. “Беларускасць” сёлетняга праслухоўвання адзначае і Аляксандр Ціхановіч.

"Мая музыка, хоць і завуаліравана, але базуецца заўсёды на нашых нацыянальных інтанацыях, таму што толькі так мы можам сказаць праўду", — преракананы неаднаразовы фіналіст адбору Юзары, які гэтым разам прэтэндуе на перамогу ў дуэце з цемнаскурай прыгажуняй-скрыпачкай Маймунай. На думку музыкі, нацыянальныя матывы — гэта тая фішка, якая заўжды вітаецца ў фінале "Еўрабачання". Але Канчыта Вурст у нейкім сэнсе абнуліла ранейшыя прыярытэты, таму невядома, у які бок гэтым разам падзьме вецер.

"У гэтым ёсць, напэўна, свой плюс — можна спрабаваць і шукаць, можна рабіць што заўгодна, — працягвае думку Юзары сябра журы, музычны рэдактар радыё "Рокс" Андрэй Халадзінскі.І гэта вельмі добра насамрэч. Горш, калі ёсць нейкія межы, бо калі ўсе аднолькавыя — у выніку сумна глядзець. А тут, я спадзяюся, усе пастараюцца здзівіць нечым новым і шоў сапраўды атрымаецца".

Праўда, смяецца Андрэй, наўрад ці прадстаўнік Беларусі паўторыць поспех Канчыты. Маўляў, будзем адпраўляць на "Еўрабачанне” перад усім таго, хто ўмее спяваць.

Вынікі праслухоўвання, якія становяцца вядомымі ўвечар 5 снежня, пацвярджаюць словы Халадзінскага. Большасць з 15-кі  — менавіта спяваючыя артысты: Гюнеш, Дарыя, Жанет, Аляксей Грос, Юзары і Маймуна, Анастасія Меляшкевіч, гурт Віктара Рудэнкі Rostany, Tasha Odi, каманда Napoli. Агульную карціну разбаўляюць нефарматныя, але надзвычай свежыя для сёлетняга адбору Muzzart з Брэста, “мегабаян” Віталь Варанко з песняй у духу Eurythmics і мілыя Milki Аляксандра Рыбака. Аднак у гэтай, бадай, фрыкавай тусоўцы яўна не хапае зомбі з гурта Sweet Brains, якія настолькі палюбіліся беларусам, што тыя збіраюцца ствараць петыцыю на change.org і патрабаваць вярнуць каманду ў фінал.

Нягледзячы на “беларускі” трэнд у Нацыянальным адборы, адзінай беларускамоўнай песняй фіналу, які ні дзіўна, апынулася “My Accent” у выкананні гурта Milki. Праўда, у выпадку перамогі кампазіцыі 26 снежня (у гэты дзень пройдзе фінал адбору), яе трэба будзе аддаць на разгляд беларускім паэтам. Падкарэктаваць тэкст.

Агляд 1-га дня праслухоўвання: Адбор на Еўрабачанне: бабуля-рокерша, зомбі, фокусы ды “Мілкі” Рыбака

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі