Абвінавачанаму ў збіцці гея Пішчэўскага, які памёр, пракурор просіць тры гады

Абвінавачанаму ў збіцці гея Пішчэўскага, які памёр, пракурор просіць тры гады

Пракурор просіць пакараць Дзмітрыя Лукашэвіча трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму. У гэты тэрмін прапануецца залічыць пакаранне паводле  папярэдняга прысуду, піша tut.by.

Лукашэвіч праходзіць абвінавачаным па справе Міхаіла Пішчэўскага. Ён быў збіты пасля гей-вечарыны 25 траўня 2014 года і памёр у лякарні напрыканцы кастрычніка 2015 года.

Яшчэ да смерці Пішчэўскага Лукашэвіч быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўлення волі. За кратамі ён адбыў 11 месяцаў і выйшаў на волю па амністыі.

Пацярпелымі па справе праходзяць сваякі Пішчэўскага. Яны прасілі пакараць Лукашэвіча максімальна строга. Акрамя таго, яны выстаўляюць да абвінавачанага грашовыя прэтэнзіі. Валянціна Барташэвіч, маці Пішчэўскага, патрабуе маральную шкоду ў 100 тысяч рублёў (больш за 50 тысяч долараў). Яго брат Віталь Барташэвіч і сястра-блізнюк Таццяна Арэшка хочуць кампенсацыю матэрыяльнай шкоды ў 50 тысяч дэнамінаваных рублёў (каля 25 тысяч долараў).

Абвінавачаны нагадаў, што пасля першага прысуду ён выплаціў пацярпелым больш за 21 тысячы 300 рублёў (па цяперашнім курсе больш за 10 тысяч даляраў). Пасля гэтага, па словах Лукашэвіча, ён апынуўся ў пазыках.

Нагадаем, што крымінальную справу на Лукашэвіча аднавілі пасля таго, як Пішчэўскі памёр у лякарні. Пасмяротная судова-медыцынская экспертыза выявіла, што яго смерць наступіла ад атрыманых цялесных пашкоджанняў.

Лукашэвіча судзяць за прычыненне смерці па неасцярожнасці і хуліганства. Па першым артыкуле яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, па другім — таксама. Пракурор папрасіў пакараць абвінавачанага трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму.

Адвакат абвінавачанага заявіла, што Лукашэвіч перажывае за тое, што адбылося. Яна звярнула ўвагу, што яе падабаронны не злосны злачынца, а чалавек, які выпадкова спатыкнуўся. Яна прапанавала, каб суд абмежаваўся тым пакараннем, якое Лукашэвіч ужо адбыў.

Зараз Лукашэвіч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Яму 32 гады, у школе ён займаўся цяжкай атлетыкай, пасля скончыў універсітэт фізкультуры і працаваў у гімназіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі