Абмежаваць доступ да асобнага акаўнта ў Facebook — маларэальна

З 26 лютага набывае моц "Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт". Сацыяльныя сеткі таксама трапляюць пад новае азначэнне “інфармацыйных рэсурсаў”. А ў новым палажэнні акурат прапісаная магчымасць блакаваць не толькі цалкам сайт, але і яго частку, напрыклад, асобны профіль карыстальніка.

Еўрарадыё пацікавілася ў IT-спецыяліста Аляксея Чарняева, наколькі тэхнічна складана заблакаваць асобны акаўнт у папулярных сацыяльных сетках.

“Калі казаць пра Facebook, то гэта даволі праблематычна, бо ён аддае трафік у шыфраваным выглядзе. А для таго, каб правайдар мог зразумець, што канкрэтна ў бягучы момант чытаюць, яму трэба нейкім чынам гэта ўзламваць. Але гэта досыць праблематычна і, калі гэта ажыццяўляецца, то гэта груба і заўважна. Таму я думаю, што такое маларэальна”.

Што ж тычыцца сацыяльных сетак “Вконтакте” ды “Одноклассники”, то Аляксей Чарняеў перакананы, што ўладам будзе прасцей націснуць на іх стваральнікаў. Праз пагрозы закрыць доступ да ўсё сацыяльнай сеткі прымушаць блакаваць асобныя акаўнты.

У "Палажэнні аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт" прапісаны парадак таго, як улады будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў ці іх частак.

Пасля таго, як чыноўнікі прымуць рашэнне пра закрыццё доступу да сайта, Мініфармацыі на працягу трох дзён паведамляе пра гэта ў Дзяржінспекцыю па электрасувязі і ўладальніку інтэрнэт-рэсурса, калі ён размешчаны ў нацыянальным сегменце інтэрнэта.

Калі чыноўнікі высветляць, што для доступу да закрытых сайтаў выкарыстоўваюцца ананімайзеры і праграмы кшталту Tor, яны дададуць ідэнтыфікатары гэтых сайтаў у спіс абмежаванага доступу.

Уладальнік сайта мае права звярнуцца ў Мінінфарм, каб аднавіць доступ да свайго рэсурсу. Цягам месяца чыноўнікі могуць разглядаць гэтае рашэнне. Пры станоўчым выніку яны за тры дні павінны даслаць яго ў Дзяржінспекцыю па электрасувязі і ўладальніку рэсурсу. А пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павінны аднавіць доступ да рэсурсу цягам сутак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі