89-гадовы пенсіянер застаўся без ног пасля наезду камбайна ў кукурузным полі

89-гадовы пенсіянер застаўся без ног пасля наезду камбайна ў кукурузным полі

Стаўбцоўскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку з нагоды таго, што мясцовы 89-гадовы жыхар атрымаў цяжкія траўмы на кукурузным полі падчас уборкі.

Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог, здарэнне адбылося 3 кастрычніка. Падчас уборкі кукурузы на калгасным полі ў жняярку камбайна трапіў мясцовы пенсіянер. 

Механізатар спыніўся і выключыў жняярку, як толькі ўбачыў, што здарылася. Аднак вясковец ўжо атрымаў сур'ёзныя траўмы. Яго неадкладна даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Стаўбцоўскай раённай лякарні з дыягназам траўматычная ампутацыя галёнак абедзвюх ног.

Выявілася, што мужчына меў дрэнны слых. На месцы здарэння праваахоўнікі забралі ровар, на якім мужчына прыехаў на поле з суседняй вёскі, сумку з кукурузай і іншыя прадметы. У кішэні ляжаў слыхавы апарат.

У рамках праверкі прызначаная судова-медыцынская экспертыза, высвятляюцца акалічнасці здарэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі