200 за дзень: Зборшчык-рэкардсмен расказвае, як правільна збіраць подпісы

Сябра партыі “Справядлівы свет” Зміцер Яненка збірае подпісы з 2001 года. Шэф яго партыі Сяргей Калякін расказвае, што ён абсалютны рэкардсмен — у сярэднім актыўныя сябры ініцыятыўнай групы збіраюць каля 35-50 подпісаў. Яненка аднойчы прынёс 200. Размаўляем з рэкардсменам пра нюансы гэтага мастацтва.

Еўрарадыё: Раскажыце, як гэта адбылося. Гэта ваш рэкорд альбо было і больш?

Зміцер Яненка: Рэкорд. У тую кампанію ў цэлым было па 100-150 подпісаў за дзень. Асноўную масу подпісаў у той дзень я сабраў, калі мы стаялі ля “Макдональдса”, недалёка ад ГУМа. І мы тады стаялі вялікай камандай — былі Чыгір, Казлоўскі, Марыніч, Ярашук. Праца была наладжаная. Калі адзін чалавек падыходзіў да Домаша, то сябра яго ініцыятыўнай групы пераконваў, што трэба падпісацца за ўсіх. І так атрымлівалася ў асноўным, што калі нехта падыходзіў да аднаго кандыдата, то падпісваўся за ўсіх.

Еўрарадыё: Памятаеце, як праходзіла тая кампанія?

Зміцер Яненка: Усё было добразычліва, ніхто не ганяў нас. Некалькі разоў падыходзілі прадстаўнікі ЦВК, у тым ліку і спадар Лазавік. Пыталіся пра пасведчанні, спрабавалі невялікія правакацыі чыніць — прасілі ўлёткі ў нас, а гэта ўжо агітацыя. Забароненая законам падчас збору подпісаў. Мы адмаўлялі ім. Цікава было. Я тады прыкладна тыдзень збіраў подпісы.

Еўрарадыё: І часта вы так збіраеце подпісы?

Зміцер Яненка: Тады было ўпершыню, у 2001 годзе. Потым неяк збіраў перад мясцовымі выбарамі за некага з нашых партыйцаў. Збіраю часам. Але сказаць, што кожную кампанію — то не.

Еўрарадыё: Па вашых назіраннях, калі людзі найбольш ахвотна падпісваліся, перад якімі выбарамі?

Зміцер Яненка: Напэўна, 2001 год. Але калі быў адзіны кандыдат Аляксандр Мілінкевіч — таксама актыўна падпісваліся. У 2010 годзе было шмат пікетаў па краіне. Як гаварыў Лукашэнка, яго нават ванітавала ад той дэмакратыі, людзі таксама падпісваліся. Хоць я маю вялікія сумневы, што тады ўся дзясятка апазіцыйных кандыдатаў назбірала 100 тысяч подпісаў. Але людзі і ў 2010 годзе актыўна цікавіліся.

Еўрарадыё: Як вы асабіста збіраеце подпісы? Чалавека ўвогуле можна пераканаць падпісацца альбо не варта гэтага рабіць?

Зміцер Яненка: Ведаеце, калі не хоча, то лепш не траціць час і нервы на тое, каб пераканаць. Шмат прыкладаў, калі чалавек проста падыходзіць і пачынае несці нейкую ахінею, у тым ліку і на Калякіна. Пра тое, што ў яго вінныя заводы, што ён у Драздах жыве ў катэджы побач з Лукашэнкам. Пераконваць такога чалавека няма сэнсу, калі ён упэўнены ў сваіх словах.

Еўрарадыё: У вас вялікі досвед. Дзе лепш за ўсё збіраць подпісы?

Зміцер Яненка: На пікетах. Гэта больш рэальна. Бо можна пайсці па кватэрах і не сабраць тую колькасць, на якую разлічваеш. І якую за той жа час можна набраць на пікетах. Яшчэ чым дрэнныя кватэры — людзі часта здымаюць жыллё. І калі зборшчык ходзіць па дамах, яму трэба сабраць подпісы менавіта з гэтага дома. А рэгістрацыя ў людзей раптам гродзенская, альбо яшчэ якая. А на пікеце ёсць розныя лісты з рознымі раёнамі. Чалавек падыходзіць, і ты яго запісваеш. Абыходзіць кватэры больш эфектыўна, калі пачынаецца агітацыйная кампанія. Людзям падабаецца, калі да іх прыходзяць і расказваюць пра свайго кандыдата.

Еўрарадыё: На вашу думку, рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў, маючы ініцыятыўную групу памерам 1 тысячу, 1,5 тысячы чалавек? Сёлета ў апазіцыі менавіта такія групы.

Зміцер Яненка: Давайце я пакіну гэтае пытанне без каментара. Я маю свой пункт гледжання, і ён шмат каму можа не спадабацца.

Еўрарадыё: Як думаеце, сёлета кампанія людзям увогуле цікавая? Калі параўнаць з мінулымі.

Зміцер Яненка: Пакуль мне даволі складана сказаць, я быў толькі на 2 пікетах. Але думаю, што апатычнасці і цяпер не будзе. Усё ж 20 гадоў аднаго чалавека — гэта дастае. І заўважна, што людзі падыходзяць і, груба кажучы, пакетам падпісваюцца за траіх кандыдатаў ад апазіцыі: Караткевіч, Калякіна, Лябедзьку. Людзі хочуць пачуць прапановы нейкія, альтэрнатыўны пункт гледжання. Ажыятажу, праўда, няма. Магчыма, актыўнасць павялічыцца бліжэй да сярэдзіны-канца жніўня, калі людзі павыходзяць з адпачынкаў, шмат хто вернецца ў Мінск. Да канца перыяду збору подпісаў людзі будуць больш актыўнымі.

Еўрарадыё: А вы ў гэтую кампанію збіраеце подпісы?

Зміцер Яненка: Так, збіраю за Сяргея Калякіна. Але пакуль не так актыўна, не дазваляе працоўны графік. Калі ў нас быў з’езд партыі, я выступаў супраць удзелу нашага кандыдата, але рашэнне было прынятае, таму абяцаю сабраць як мінімум сто подпісаў. Гэтае абяцанне выканаю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі