25 гадоў Рэферэндуму-1996. Асноўнае, што трэба пра яго ведаць

25 гадоў Рэферэндуму-1996. Асноўнае, што трэба пра яго ведаць

24 лістапада 1996 года беларусы прагаласавалі за захаванне смяротнага пакарання, змены ў Канстытуцыю і адмовіліся ад прыватнай уласнасці на зямлю.

 

Чаму гэты рэферэндум адбыўся, хто яго прыдумаў?

Ініцыятарамі былі адначасова прэзідэнт Лукашэнка і Вярхоўны Савет. Пры гэтым яны ўносілі розныя пытанні. Ад кіраўніка краіны іх было чатыры, ад дэпутатаў аднапалатнага на той момант парламента — тры.

"Беспаспяховыя спробы наладзіць канструктыўнае супрацоўніцтва з Вярхоўным Саветам. Толькі ў выніку канстытуцыйнай рэформы мы зможам сысці нарэшце ад бясконцых бессэнсоўных палітычных баталій наверсе і засяродзіцца на праблемах, якія найбольш хвалююць нашых людзей. Менавіта ў моцнай уладзе сёння выратаванне для нашай дзяржавы і эканомікі. Пры слабым прэзідэнце нашы дамарошчаныя лібералы і дзермакраты, пад размовы пра ўсеагульную выгаду, усіх нас без штаноў пакінуць ва ўласнай краіне", — тлумачыў Лукашэнка.

 

Што за пытанні?

Лукашэнка вынес такія:

1. Перанос Дня незалежнасці з 27 ліпеня на 3-га.

2. Унясенне зменаў у Канстытуцыю (прапанаваных самім Лукашэнкам). Там гаварылася аб стварэнні двухпалатнага парламента, а таксама аб прадаўжэнні паўнамоцтваў кіраўніка краіны пачынаючы з дня правядзення рэферэндуму. Фактычна, ён прыроўніваўся да пазачарговых выбараў прэзідэнта.

3. Аб увядзенні свабоднай куплі і продажу зямлі.

4. Аб скасаванні смяротнага пакарання.

 

Вярхоўны Савет выступіў больш мудрагеліста:

1. Аб унясенні зменаў у Канстытуцыю (прапанаваных парламентам). Галоўнай з іх была адмена пасады прэзідэнта, Беларусь магла стаць парламенцкай рэспублікай.

2. Аб выбарах кіраўнікоў адміністрацый раёнаў.

3. Аб фінансаванні ўсіх органаў улады адкрыта і толькі з бюджэту.

25 гадоў Рэферэндуму-1996. Асноўнае, што трэба пра яго ведаць

Як прагаласавалі людзі?

Удзел у галасаванні ўзяло вельмі шмат людзей, афіцыйная яўка склала больш за 84%. Лукашэнку падтрымалі па першых двух пытаннях — за перанос Дня незалежнасці прагаласавала ажно 88% удзельнікаў галасавання, за змены ў Канстытуцыю — амаль 84%. Купляць і прадаваць зямлю беларусы не захацелі (83% былі супраць), як і адмяняць смяротнае пакаранне (80%).

Па ўсіх пытаннях, вынесеных дэпутатамі, беларусы прагаласавалі супраць (85%, 70% і 66% адпаведна). Асабліва цікавым выглядае галасаванне па пытанні аб фінансаванні органаў улады.

 

Што далей было?

Скандал. Лукашэнка распусціў парламент і прызначыў новы, які складаўся ўжо з прывычных для нас дзвюх палат. Пры гэтым у новы парламент увайшлі лаяльныя да кіраўніка краіны дэпутаты. Захад адмовіўся прызнаваць іх легітымнасць і да 2003 года лічыў законным склад 13 склікання на чале з Сямёнам Шарэцкім.

У дадатак, на знак пратэсту ад пасадаў адмовіліся восем суддзяў, у тым ліку старшыня Канстытуцыйнага суда Валерый Ціхіня, намеснік міністра замежных спраў Андрэй Саннікаў, міністр працы Андрэй Сасноў і нават прэм'ер Міхаіл Чыгір.

 

А як наконт парушэнняў?

Асноўнае — гэта прызначэнне перад самым рэферэндумам новага старшыні Цэнтрвыбаркама — гэтую пасаду заняла Лідзія Ярмошына. Прычым прызначаць яе павінен быў Вярхоўны Савет, а зрабіў гэта Лукашэнка спецыяльным указам.

З менш значных — бюлетэні друкаваліся Упраўленнем справамі кіраўніка краіны, і ніхто не ведаў, колькі іх было надрукавана, ЦВК ніяк не ўдзельнічаў у фінансаванні рэферэндуму, 90% эфірнага часу на тэлебачанні было аддадзена агітацыі па пытаннях, высунутых Лукашэнкам (на думку міжнародных назіральнікаў) і яшчэ шэраг іншых. Напрыклад, датэрміновае галасаванне пачалося ажно 9 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі