15 сямей з "неіснуючага" дома могуць застацца на вуліцы

Ужо 4 гады жыльцы аднаго з мінскіх дамоў даказваюць у судзе, што жывуць у кватэрах, а не ў інтэрнаце.

15 сямей, якія жывуць у апошнім пад’ездзе дома №32 па вуліцы Калектарнай у Мінску судзяцца, каб прыватызаваць кватэры і не застацца на вуліцы з-за капітальнага рамонту.





Калі надышоў час капітальнага рамонту, людзі вырашылі прыватызаваць жыллё і сутыкнуліся з праблемай, распавёў Еўрарадыё жыхар дома Юрый Прохарчык.

Прохарчык: "Калі будзе праводзіцца капітальны рамонт, жыльцы могуць быць выселеныя на час рамонту ў інтэрнат падменнага фонду. За час рамонту можа быць зробленая перапланіроўка кватэраў ці іх могуць зарэгістраваць ужо без нас. Калі мы захочам вярнуцца, нам не дазволяць гэтага зрабіць. Мы застанемся проста на вуліцы!”


Аднак прыватызаваць кватэры жыльцы не здолелі, нягледзячы на тое, што гэта прадугледжана ў дамовах найму. У Адміністрацыі раёна адказалі, што прыватызаваць інтэрнат нельга. Распачаліся суды з чыноўнікамі, якія цягнуцца ўжо чатыры гады.

“У судзе яны спасылаюцца на ліст з Мінгарвыканкама. Нібыта, у гэтым лісце ёсць звесткі, што памяшканні зарэгістраваныя, як інтэрнат. Аднак пры праверцы гэтых звестак высветлілася, што гэтыя памяшканні ніяк не зарэгістраваныя. Мы атрымалі даведку, якая даказвае, што рэгістрацыі гэтых памяшканняў, як інтэрнату, няма ў прыродзе”.

Апошні пад’езд 32-га дома па Калектарнай не зарэгістраваны таксама і ў адзіным дзяржаўным рэгістры маёмасці.

У адміністрацыі Маскоўскага раёна размаўляць з Еўрарадыё на тэму містычнага дома адмовіліся.

У адказ на пазовы жыхароў, чыноўнікі падалі ў суд на скасаванне дамовы найму. Але за чатыры гады справа так і не зварухнулася з мёртвай кропкі, працягвае Юрый Прохарчык:

“Высілкамі чыноўнікаў, справы ў судах намі прайграныя. З іншага боку, прайграныя ўсе справы супраць нас. У кватэрах пад’езда пражываюць людзі, якія валодаюць законнымі дамовамі найму. Аднак скарыстацца імі яны не могуць. З іншага боку, і Адміністрацыя Маскоўскага раёна не можа прымаць нейкія дзеянні, каб іх скасаваць, бо яны маюць законную моц”.

Толькі жыхары адной з кватэраў на судовыя працэсы патрацілі ўжо больш за 3 мільёны рублёў. Часам, удзень праходзіла па два тры суды. У большасці выпадкаў людзі не змаглі дазволіць сабе адваката, таму абараняліся на судзе самастойна.

Сітуацыя дагэтуль так і не вырашалася. Прыватызаваць кватэры нікому не ўдалося, але ў Адміністрацыі раёна не атрымалася скасаваць дамовы найму. За 4 гады шматлікіх судоў справа дайшла да таго, з чаго і пачыналася. Жыльцоў па-ранейшаму могуць выселіць на час капітальнага рамонту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі