15-годдзе Троіцы: Калі новы альбом будзе такім, то гэта будзе бомба!

Этна-трыа “Троіца” традыцыйна святкуе свой дзень нараджэння вялікім канцэртам у Белдзяржфілармоніі. Нягледзячы на папярэднюю боязь, што людзей будзе не шмат, у зале аншлаг, нават прыстаўныя крэслы амаль усе занятыя. Музыкі ціхенька, амаль незаўважна з’яўляюцца на сцэне і пачынаюць “Кося, мой, кося”.

“Менавіта з гэтай песні ў 1999 годзе пачыналася этна-трыа “Троіца”, — узгадвае са сцэны Іван Кірчук. — У траўні тады быў адзін з канцэртаў “Троіцы”, і мы паехалі ў Галандыю, дзе нас чакаў фестываль Oerol. Там мы дзесяць дзён паказвалі лялечны тэатр “Батлейка” ды гралі свае канцэрты. Вось так 15 гадкоў і мінула!”

Адмыслова да 15-годдзя музыкі падрыхтавалі новую праграму, якая складаецца з кампазіцый розных гадоў. Перад кожнай з іх Іван Іванавіч узгадвае, дзе яна гучала, як стваралася, ды, безумоўна, які сэнс у яе ўкладалі нашы продкі.

“Зараз прагучыць купальская песня, якая называецца “Брат з сястрой”, Іван Іванавіч дастае гуслі, зробленыя сібірскім майстрам беларускага паходжання, і распавядае пра новую, прэм’ерную кампазіцыю. — Гэта вельмі вядомая тэма! Вы ведаеце, ёсць такія кветкі Іван ды Мар’я, дык вось, такія ж ёсць і беларускія, таксама лекавыя кветкі, якія збіралі на Купалле. Кажуць, што менавіта ў гэты час кветкі набываюць самую моц і найлепш дапамагаюць людзям. Няхай і гэтая песня дапамагае вам!”

Ужо пасля канцэрта на выхадзе з залы кожны другі глядач абмяркоўвае з суседам новую песню. “Гэта бомба!”, “Мяне проста ўнесла, такая моц!”, “Крута! Калі новы альбом будзе такім, дык будзе нешта неверагоднае!”… Сапраўды, нягледзячы на больш чым дзевяць хвілін няспыннага, недзе нават рокавага гучання, “Брат з сястрой” пралятаюць на адным дыханні, змяняючы некалькі меладычных шэрагаў, паглыбляючы слухача ў медытацыю, а потым прымушаючы рухацца ў такт кампазіцыі.

“Мы цяпер робім больш складаныя кампазіцыі, — адказвае на пытанне, ці паказальны новы трэк для гучання будучага альбома, Іван Іванавіч. — У іх ёсць рознае гучанне, не толькі рокавае, напрыклад, ёсць пэўныя фрагменты балад, альтэрнатыўнай музыкі… Але ўсе тры кампазіцыі: “Мядзведзь”, “Цар-Агонь” ды “Брат і сястра” ўжо складаюць новую праграму. Мы яшчэ штосьці дапрацуем, і ў нас будзе кампакт дыск, у якім па частках будзе тры-чатыры-пяць, а па песнях, невядома колькі, бо па 3-5 песень уваходзіць у адну кампазіцыю”.

Музыкі тройчы развітваюцца і выходзяць на, гледзячы па ўсім, загадзя запланаваныя “бісы”. На кожны выхад па адной песні — “Ажаніла”, “Яблынь мая” і зусім на фінал “Журавы”, якую “Троіца” называе данінай павагі продкам, бо напярэдадні Радуніцы яны ходзяць побач з намі і правяраюць, як мы жывем.

Троіца” звычайна рыхтуе адну праграму на ўвесь фестывальны сезон. Таму ў тых, хто не трапіў на святочны канцэрт у філармоніі, будзе яшчэ дзве магчымасці паслухаць этна-трыа — 6 верасня на фестывалі “Камяніца” ў Азярцы ды 5 ліпеня на фестывалі “Вольнае паветра” на хутары “Шаблі”. Дарэчы, выступ на “Паветры” стане своеасаблівай генеральная рэпетыцыяй перад англійскім фестывалем Пітэра Габрыэля WOMAD, пра які самі музыкі этна-трыа кажуць: “Вышэй ужо нічога няма!”.

Фота: budzma.by

Тэгі: 
Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі