11,2% беларусаў гатовыя глядзець выкананне смяротнага пакарання па ТБ

Паводле даследавання Penal Reform Int, за год прыхільнікаў смяротнага пакарання ў Беларусі стала меней на 5,6%. Людзей, якія дакладна супраць такой меры больш, чым тых, хто дакладна “за”. “Супраць” 34,6%, “за” 32%, яшчэ 25,6% “за”, але пры пэўных умовах.

"Ёсць ужо трэнд. Ён назіраўся апошні год, што група праціўнікаў аказваецца ўсё мацнейшай за прыхільнікаў. Мы можам казаць, што праціўнікаў смяротнага пакарання становіцца ўсё больш. Беларускае грамадства у цэлым здольнае прыняць саму ідэю адмены смяротнага пакарання", — кажа Сяргей Шымавалос, прадстаўнік "Міжнароднай турэмнай рэформы".

Цікава, што асноўны аргумент дзяржавы супраць адмены смяротнага пакарання — негатоўнасць грамадства. Але само грамадства не гатовае вырашаць гэта пытанне і дэлегуе яго вырашэнне дзяржаве.

"Большасць насельніцтва дыстанцуецца ад вырашэння праблемы. Калі задаецца пытанне, хто нясе адказнасць за наяўнасць смяротнага пакарання і мусіць вырашаць гэтае пытанне, толькі 9,3% лічыць, што народ прымае рашэнне. Гэта да пытання пра рэферэндум. Людзі не хочуць браць на сябе гэтую адказнасць. Я не кажу, што такая ступень канфармізму — гэта добра. Але з гэтага можна зрабіць вывад, што рашэнне шляхам рэферэндуму не мае падтрымкі", — кажа старшыня БХК Алег Гулак.

Смяротнае пакаранне? У нас жа мараторый!? (відэаапытанне)

Насельніцтва не гатовае да гуманізацыі, але само чакае гэтага ад дзяржавы.

Сяргей Шымавалос: "Мы можам казаць пра запыт насельніцтва да дзяржавы на гуманізацыю і лічбы гэта паказваюць. Людзі ў цэлым лічаць, што да гуманізацыі гатовая дзяржава, але не яны асабіста".

Цікава, што змяніліся аргументы супраць. Знізілася колькасць людзей, якія баяліся судовай памылкі — 58,6%, а было 71,7%. Затое павялічылася колькасць людзей, якія лічаць смяротнае пакаранне неэфектыўным — 22,1%.

Перасцярога судовай памылкі знізілася, але давер да суда не павялічыўся.

Алег Гулак: "Давер да суда высокі, але калі задавалі пытанне пра суды, то многія лічаць, што суддзі бяруць хабар (35,5%), выносяць рашэнне пад ціскам уладаў(41,3%). Больш за 40% меркавалі, што багатым і ўплывовым дамагчыся праўды ў судзе прасцей".

Як і летась, шмат людзей увогуле не ведаюць пра прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі. Каля траціны насельніцтва не ведае, ёсць смяротнае пакаранне ў краіне ці няма.

Цікава, што 14,9% мужчын і 7,5% жанчын гатовыя глядзець выкананне смяротнага пакарання ў прамым эфіры тэлебачання. Не гатовых да публічнага прагляду стала больш — 85,6%, а было 78,8%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі