11 гадзін на мяжы і падвойнае праходжанне беларускай мытні

Механізм шоп-тура просты — замаўляеш па тэлефоне месца, плаціш за праезд і ўсё. Збор на пляцоўцы на Дружнай і праз паўгадзіны мы ў дарозе. Прыглядаюся да спадарожнікаў, менавіта з імі я правяду бліжэйшыя двое сутак. Асноўны кантынгент — жанчыны. Па размове здагадваюся, што сярод нас настаўнікі, прадавачкі, студэнткі і агенты па нерухомасці.

Адразу пасля выезду з Мінска — інструктаж ад праважатай Алены.

“Адразу мы паедзем на начны рынак, там вы купляеце каву, пральныя парашкі. Потым гіпермаркет “Макра”. Крый божа, не афармляйце там ваты! У гэтай краме гэта робяць павольна. У нас быў чалавек , які закупіўся на 300 злотых, а яму вярнулі толькі 20, потым рынак Кавалерыйскі...” — Лена кажа ўсё амаль на аўтамаце. Дарэчы, дзяўчына перад кожнай кропкай нагадвае, што лепей набываць тут ці там.

Пасля інструктажу хтосьці альбо глядзіць тэлевізар — нейкі дзіўны рускі серыял з Маратам Башаравым, хтосьці адразу завальваецца спаць пад загадзя назапашанымі пледамі і з надзіманымі падушкамі пад шыю. Калі плануеце правесці ў шляху столькі часу, падушка пад шыю — вельмі неабходная рэч. 

Пагуляўшы на мяжы праз дэзінфекуючыя дыванкі і адказаўшы на пытанне, “куды едзе, пані”, праз гадзіну перасякаем яе.

Беласток сустракае ліўнем, але гэта абсалютна не збянтэжыць маіх спадарожнікаў — тыя разбегліся ў розныя бакі.

Паддаўшыся агульнай шопінгавай істэрыцы, набываю на начным кірмашы пачак кавы за 40 тысяч паў-кіло, прысмакі (адна шакаладка 200 грамаў каля 12 тысяч) і печань траскі (за 15 тысяч рублёў). Мой вазок з набыткамі выглядае меней, чым сціплым у параўнанні з іншымі пакупнікамі. Яны затарваюцца пральнымі парашкамі, зубнымі пастамі і сродкамі для апалосквання, плюс стандартны набор як і ў мяне.

Галоўная тэма сярод маіх спадарожніц — дзе што пачым. Абмяркоўваюць, што не ўсё так танна, але значна танней, чым ў роднай краіне.

“Гэта як дзе патрапіць, бывае і даражэй”, — сыходзяцца ў меркаванні спадарожніцы.

Прыязджаем на Кавалерыйскі кірмаш — гэта тыя ж Ждановічы, але танней калі ведаць, дзе браць. Ручнікі, пасцельная бялізна, пледы, золата.

Да прыкладу, набыць мужчынскую зімовую куртку тут каштуе каля 430 тысяч, а тры вялізныя ручнікі — 224 тысячы рублёў.

Тут жа мяняем грошы — абменнікі на кожным кроку і можна… гандлявацца. Калі вам не прапануюць выгадны курс, паварочваешся і сыходзіш. Цябе даганяюць і прапаноўваюць большы.

Канчаткова прамокшы пад дажджом, прыбягаю ў аўтобус пераабуцца ў новыя кеды, і заўважаю, што ў аўтобусе жыццё кіпіць. Хто нацягвае на сябе тры блузкі, а хто распіхвае па кішэнях трыццаць пар шкарпэтак.

Пасля кірмашу мае спадарожнікі пераводзяць дых і я пачынаю распытваць наконт пошліны па прапанове кіраўніка дзяржавы.

“Гэта ганьба! Ганьба краіне, мой знаёмы даведваўся, дзе яшчэ былі гэтыя пошліны. Аказалася ў краінах трэцяга свету”, — кажа жанчына.

“Я разумею, што ў нашай краіне магчыма абсалютна ўсё! Але я раілася з юрыстамі — калі ўвядзем мы, то павінны яшчэ і Расія і Казахстан ўвесці. Але я яшчэ раз паўтараю, у нашай краіне магчымае ўсё”, — выказваецца яшчэ адна мая суседка па аўтобусе.

Цягам паездкі тэма пошліны ў 100 долараў будзе ўзнікаць некалькі разоў. Меркаванне ў людзей адно — гэта парушае іх правы.

“У мяне адна прэтэнзія, чаму ў нас тады так дорага! Гэта ж пытанне да вытворцаў —хай яны зніжаюць кошт тавараў і робяць іх больш якаснымі, тады ніхто не будзе ездзіць”, — выказваецца яшчэ адна спадарожніца.

На пытанне, ці ўвядуць гэтыя пошліны, меркаванне спадарожнікаў раздзяліліся — ад “к нашай краіне магчымае ўсё” да “гэта моцна падарве давер народа да ўлады”.

Роўна ў 16:00 ад'езд з Беластока. Пасажыры дзеляцца коштамі і выхваляюцца пакупкамі.

“За што плаціць мытні 100 долараў, калі яны так павольна працуюць?”

На Польскай мытні мы затрымаліся на тры гадзіны. Але там хаця б быў нейкі выгляд, што мытня нешта робіць і раз у паўгадзіны наша чарга рухалася. Раз-пораз мы выходзілі размяць ногі і пакарміць мясцовага сабачку.

Беларускую мяжу мы перасеклі ў 22:00 і пасля гэтага чарга, як быццам, замерла. Заснуць паспеў нават кіроўца.

“Слухайце, а за што плаціць беларускай мытні 100 долараў за працу, калі яны так павольна і ляніва працуюць?”, — пытанне ў аўтобусе выклікае новую хвалю абмеркавання прапановы прэзідэнта. Людзі пачынаюць пераказваць мне… маё інтэрв'ю з Пракаповічам і Ермаковай пра тое, што ўводзіць пошліну трэба не для ўсіх. Цікава, што нават тыя, хто вязе па сем сумак з ручнікамі свята верыў, што іх гэтыя 100 долараў ні ў якім разе не закрануць.

Нарэшце ў пачатку трэцяй чарга даходзіць да нас. Спачатку просяць выгрузіць усё, і нібыта міма нас проста пройдуць мытнікі і мы загрузіліся назад і паедзем.

Не паспелі мы ўсё ўстаць з месцаў, як паступіла новая каманда: раз мы такія павольныя — ідзем у залу дагляду. Такой колькасці рэчаў, здаецца, я яшчэ не бачыла. Першыя 20 чалавек прайшлі працэдуру ўзважвання тавараў і дэкларавання даволі хутка. Але не паспела я выйсці са сваімі бауламі на вуліцу, як мытнік заўважае ў салоне пакінутыя кімсьці рондалі.

“Ах, вы не разумееце, што трэба ўсё было дастаць! Усе на залу зноў!” — абвяшчае мытнік і ўсе пакорліва валакуцца ў залу дадгляду другі раз. Гаспадыня рондаляў аб'явілася ўжо ў зале. Яна актыўна “касіла пад дурачку”, маўляў не ведала, што нічога нельга пакідаць. Пасля дзвюх гадзін валачэння сумак туды і сюды, мы нарэшце адпраўляемся ў шлях.

У восем раніцы я ў Мінску. Дома падлічыла, што за ўсе свае набыткі я заплаціла не болей за 200 долараў.

Калі прэзідэнт не ведае, чаму беларусы ездзяць у Польшчу і пакідаюць там мільёны долараў, едуць зноў і зноў, нягледзячы на гадзінныя чэргі на мытні, адказ просты — бо там амаль ўсё танней. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі