У Шарамеццева пры аварыйнай пасадцы загарэўся Sukhoi Superjet, ёсць ахвяры

Reuters
Reuters

У нядзелю 5 траўня ў аэрапорце Шарамеццева пры аварыйнай пасадцы загарэўся пасажырскі самалёт Sukhoi Superjet 100-95, які ляцеў у Мурманск. Пра гэта паведамілі ТАСС у экстраных службах.

"Пасажырскі самалёт вылецеў з Шарамеццева ў Мурманск. Праз некаторы час ён запытаў аварыйную пасадку, пры пасадцы загарэўся", — сказаў суразмоўца агенцтва.

Па інфармацыі "Новай газеты", якая спасылаецца на Следчы камітэт Расіі, загінула 13 чалавек, сярод іх двое дзяцей. 

Самалёт вылецеў каля 18:00 па маскоўскім часе з Шарамеццева, зрабіў некалькі кругоў над Маскоўскай вобласцю і нечакана пайшоў на зніжэнне. Каля 18:40 ён прызямліўся. Паведамляецца, што самалёт гарэў па ўсёй плошчы, людзі выскоквалі на хаду. 

"Асноўная версія — удар маланкі ў самалёт, пасля чаго адмовіла аўтаматыка. Пры пасадцы, па папярэдніх дадзеных, самалёт двойчы стукнуўся аб ўзлётную паласу. Трапленне маланкі таксама пацвердзіў адзін з членаў экіпажа", піша пра прычыну трагедыі агенства "РИА новости" са спасылкай на крыніцу ў "Росавіяцыі".

На аматарскім відэа з аэрапорта відаць, як самалёт двойчы стукаецца пры прызямленні, і толькі пасля другога ўдару пачынае гарэць.

Усяго на борце суперджэта "Аэрафлота" знаходзіліся 73 пасажыры і пяць членаў экіпажа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі