З'явілася даследаванне аб тым, як Мінабароны РФ хлусіць аб перамогах ва Украіне

З'явілася даследаванне аб тым, як Мінабароны Расіі хлусіць аб перамогах ва Украіне. Выданне "Проект" прааналізавала амаль дзве сотні брыфінгаў расійскага ваеннага ведамства і агучаную на іх статыстыку. І прыйшло да высновы, што даволі часта інфармацыя не адпавядае сапраўднасці.

Мінабароны РФ сцвярджала, што да 26 чэрвеня збіла 215 украінскіх ваенных самалётаў. Аднак Украіна на пачатак вайны мела максімум 138 штатных адзінак (з іх амаль сотня ваенных, іншыя — транспартныя і спецыяльныя). Нават калі ўлічыць яшчэ 61 вучэбны самалёт, усё роўна гэта менш, чым агучаная ў Маскве лічба. Падобная сітуацыя і з верталётамі, беспілотнікамі і танкамі. Мінабароны Расіі заявіла пра больш за 3800 знішчаных бронемашын, у тым ліку і танкаў. Але само ведамства раней ацэньвала іх колькасць у 2416 штук. Яшчэ каля 700 машын было на сярэдзіну траўня пастаўлена заходнімі саюзнікамі. Зноў жа агульная лічба не дацягвае да аб'яўленай.

Аўтары расследавання звярнулі ўвагу і на той факт, што Мінабароны Расіі па некалькі разоў аб'яўляла пра ўзятыя адны і тыя ж населеныя пункты. Яны налічылі 25 такіх выпадкаў.

Зводкі Мінабароны РФ з пачатку вайны агучвае Ігар Канашэнкаў. І, відаць, някепска, бо ў чэрвені яму прысвоілі званне генерал-лейтэнанта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.