Вы тут

Зяленскі прапанаваў, і ўкраінскі прэм'ер-міністр Гройсман ідзе ў адстаўку

Уладзімір Гройсман / УНІАН

Прэм'ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман заявіў, што вырашыў пайсці ў адстаўку, інфармуе hromadske.ua. У сваёй заяве ён нагадаў, што напісаць заяву ў панядзелак у Вярхоўнай Радзе прапанаваў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Пасля інаўгурацыі ён таксама заявіў і пра роспуск Вярхоўнай Рады. Гройсман адзначыў, што ўрад складае паўнамоцтвы перад новым складам парламента, а не перад новаабраным прэзідэнтам. І, тым не менш, ён вырашыў не чакаць. У бліжэйшую сераду на пасяджэнні ўраду Уладзімір Гройсман складзе свае паўнамоцтвы.

Гройсман адзначыў, што яму не сорамна за тры гады працы. Ён сцвярджае, што на сённяшні дзень Украіна "у добрым стане". Прэм'ер кажа, што Зяленскі "сваёй заявай узяў на сябе ўсю адказнасць перад тымі пагрозамі ў будучыні, якія ёсць на парадку дня".

Уладзімір Гройсман анансаваў свой удзел у датэрміновых парламенцкіх выбарах. У новым парламенце ён збіраецца "з аднадумцамі сфармаваць прафесійную каманду".