Вы тут

Змялі з паліц? Ці засталася ў крамах еўрапейская "санкцыёнка"

"Санкцыёнку" купіць можна. Прынамсі, пакуль што / Еўрарадыё

З 1 студзеня ўступілі ў сілу беларускія контрсанкцыі — эмбарга на пастаўкі некаторых прадуктаў з "недружалюбных краін", у першую чаргу Еўрасаюза і ЗША. Праз незразумелы механізм дзеяння гэтых мер дагэтуль ёсць пытанні з іх рэалізацыяй, але напружанне сярод пакупнікоў прысутнічае: а раптам любімыя тавары знікнуць з паліц?

Еўрарадыё праверыла паліцы ў трох мінскіх крамах: невялікай, сярэдняй і буйной, каб зразумець, ці ёсць яшчэ магчымасць купіць запаветнай "санкцыёнкі".

 

У маленькай краме

Лагічна, што ў невялікай краме (у нашым выпадку — "Капеечка") асартымент у цэлым сціплейшы, чым у больш буйных. Але "санкцыёнку" дагэтуль можна знайсці і тут.

Іспанская хурма і галандскія грушы яшчэ на месцы / Еўрарадыё

Напрыклад, сярод садавіны ляжаць іспанскія клеменціны і хурма, галандскія грушы, перцы і авакада. Амаль усе гэтыя тавары альтэрнатывы з Беларусі ці іншых "неварожых краін" у краме не маюць, выключэнне — беларускія грушы, але таварны выгляд іх у разы горшы, чым у галандскіх.

Шмат хто асабліва перажывае за кандытарскія вырабы (яны таксама пад забаронай). У гэтым гандлёвым пункце знаходзім шакаладкі Milka, Nestle, Alpen Gold, але ўсе яны расійскай вытворчасці, хай і замежных брэндаў, гэта значыць на паліцах застануцца. Дагэтуль можна купіць і цукеркі Toffifee або Merci (і тыя, і тыя — нямецкай вытворчасці).

Без шакаладак не застанёмся: большасць вырабляюць у РФ / Еўрарадыё

Большасць чыпсаў таксама гарантавана застануцца, але нават сярод гэтых тавараў можна знайсці патэнцыйны дэфіцыт — "Прынглз" робяць у Польшчы.
 

У супермаркеце

У супермаркеце "Віталюр" таксама не пусцеюць паліцы: еўрапейскія тавары на месцы, і не выглядае так, што яны збіраюцца кудысьці знікаць.

Больш за ўсё "санкцыёнкі" і тут — на паліцах з гароднінай і садавіной. Да знаёмай іспанскай хурмы, галандскага перцу і таго, што згадвалася вышэй, дадаліся польскія чырвоныя яблыкі. Вядома, побач ляжаць беларускія зялёныя, але не такія салодкія.

Салодкія яблыкі "Рэд Прынс" вязуць з Польшчы, а хурму — з Іспаніі / Еўрарадыё

Шакаладкі еўрапейскіх брэндаў тут у асноўным таксама расійскай ці ўкраінскай вытворчасці. Але можна знайсці і, напрыклад, аўстрыйскай — тую самую "Мілку". Ёсць і нямецкія Ritter Sport і Ferrero. А вось "рафаэлкі" — расійскай вытворчасці.

Прысмакі нярэдка вязуць з Аўстрыі і Германіі, але часцей — з Расіі і Украіны / Еўрарадыё

Сярод каўбас можна знайсці і аўстрыйскую нарэзку — такія пастаўляць у Беларусь цяпер нельга.
 

У гіпермаркеце

Паліцы гіпермаркета Green таксама не пусцеюць — наадварот, угінаюцца ад еўрапейскай прадукцыі. І зноў відавочней за ўсё гэта ў аддзеле з гароднінай і садавіной. Добра знаёмыя іспанскія мандарыны і галандскія перцы суседнічаюць з італьянскімі ківі і вінаградам. У продажы ёсць нямецкія арэхі і сушаныя ягады.

Нямецкіх арэхаў і сухафруктаў, напэўна, хутка не будзе / Еўрарадыё

Большасць шакаладак таксама з Расіі або Украіны, расійскай вытворчасці і шакаладная паста "Нутэла", але вось паста "Мілка" — бельгійская, значыць, павінна знікнуць з паліц. Папулярныя ў дзяцей жэлацінкі "Харыбо" — як венгерскай, так і нямецкай вытворчасці. Можна знайсці бельгійскія і французскія цукеркі, але не ў самым даступным для большасці цэнавым сегменце.

Еўрапейскай мясной прадукцыі ў гіпермаркеце досыць шмат, у асноўным італьянскай і аўстрыйскай. На пытанне пра тое, ці не знікне хутка з паліц, адна з прадаўшчыц паціскае плячыма: "Ну, пакуль што ёсць".

Еўрапейская мясная прадукцыя ў продажы яшчэ ёсць / Еўрарадыё

У спісе "санкцыёнкі" ёсць і малочныя прадукты. Тэарэтычна знікнуць могуць і тварожныя сыркі "Орэа". Але ў гэтай катэгорыі тавараў, у адрозненне ад гародніны і садавіны, знікненне наймення будзе практычна незаўважным.

Што цікава: некаторыя еўрапейскія тавары імпартуюць у Расію, а адтуль ужо ў Беларусь. Гэта значыць, такія наогул знікнуць не павінны. Але як яно ўсё будзе працаваць, даведаемся неўзабаве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.